Псалтыр 146 псалом

Псалтыр
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Аляксандара Надсана

 
 

Алілуя. Хвалеце Госпада, бо гэта добра — сьпяваць Богу нашаму, бо гэта соладка — Яму належыць хвала.
 
Алілуя! Агея і Захара. Хваліце Госпада, бо добрая рэч псалмасьпеў: хай усхваленьне будзе салодкім Богу нашаму.

Гасподзь будуе Ерусалім, зьбірае выгнанцаў Ізраіля.
 
Госпад, які будуе Ерусалім, зьбярэ і расьцярушаных Ізраіля.

Ён ацаляе зьнявечаных сэрцам, і лекуе скрухі іхнія.
 
Ён той, хто лечыць разьбітых сэрцам і перавязвае раны іх;

Вылічвае колькасьць зорак; усіх іх называе імёнамі іхнімі.
 
Ён той, хто вядзе лік мноству зорак, дае кожнай імя сваё.

Вялікі Гасподзь наш і вялікая моц Ягоная, і розум Ягоны нявымерны.
 
Вялікі Госпад наш, і вялікая сіла Яго, і няма меры розуму Яго.

Пакорлівых узвышае Гасподзь, а бязбожных прыгінае да зямлі.
 
Госпад узьнімае лагодных, а грэшнікаў прыніжае да зямлі.

Сьпявайце па чарзе славаслоўе Госпаду; грайце Богу нашаму на арфе.
 
Пачніце падзякаю Госпаду, зайграйце на гусьлях Богу нашаму,

Ён засьцілае неба хмарамі, рыхтуе зямлі дождж, росьціць на горах траву;
 
які пакрывае неба хмарамі, рыхтуе дождж для зямлі, вырошчвае траву ў горах і збожжа на ўжытак людзям;

дае быдлу пашу ягоную і крумкача птушанятам, што клічуць Яго.
 
які дае жывёле спажыву іх і птушанятам воранаў, што клічуць Яго.

Не на сілу каня глядзіць ён, ня хуткасьці ног чалавечых дабраволіць;
 
Ня сілаю каня любуецца Ён і ня хуткія ногі мужа Яму даспадобы:

дабраволіць Гасподзь тым, хто баіцца Яго, хто спадзяецца на ласку Ягоную.
 
Госпад спрыяе тым, што баяцца Яго, і ўсім, што спадзяюцца на міласэрнасьць Яго.