Псалтыр 146 псалом
Псалтыр
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Міхаіла Астапчыка
Алілуя. Хвалеце Госпада, бо гэта добра — сьпяваць Богу нашаму, бо гэта соладка — Яму належыць хвала.
Алелюйя. Усхваляйце Бога, бо добра спяваць Яму. Няхай будзе хвала наша асалодай для Госпада.
Гасподзь будуе Ерусалім, зьбірае выгнанцаў Ізраіля.
Будуе Ерусалім Госпад І сабярэ раскіданы Ізраіль.
Ён ацаляе зьнявечаных сэрцам, і лекуе скрухі іхнія.
Загаіць сэрцы засмучаныя І суцешыць засмучэнні іх.
Вылічвае колькасьць зорак; усіх іх называе імёнамі іхнімі.
Пералічыць мноствы зорак І для кожнай імя знойдзе.
Вялікі Гасподзь наш і вялікая моц Ягоная, і розум Ягоны нявымерны.
Вялікі Бог наш, і вялікая моц Яго, Розум Яго неабмежаваны.
Пакорлівых узвышае Гасподзь, а бязбожных прыгінае да зямлі.
Узвышае рахманых Божа, Грэшных жа прыніжае да зямлі.
Сьпявайце па чарзе славаслоўе Госпаду; грайце Богу нашаму на арфе.
Пачынайце славіць Бога, Спявайце Богу нашаму на гуслях,
Ён засьцілае неба хмарамі, рыхтуе зямлі дождж, росьціць на горах траву;
Што апранае неба хмарамі і прыгатаўляе для зямлі дождж, Што вырошчвае на гарах расліны для службітаў чалавека,
дае быдлу пашу ягоную і крумкача птушанятам, што клічуць Яго.
Што дае скаціне і птушанятам вароны ежу іх, Калі яны заклікаюць Яго.
Не на сілу каня глядзіць ён, ня хуткасьці ног чалавечых дабраволіць;
Не на дужасць, як у каня, глядзіць Бог, Не да хуткасці ног дабраспрыяе.
дабраволіць Гасподзь тым, хто баіцца Яго, хто спадзяецца на ласку Ягоную.
Дабраспрыяе Бог да багабаязных І да тых, хто спадзяецца на міласэрнасць Ягоную.