Псалтыр 136 псалом
Псалтыр
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Міхаіла Астапчыка
Давідава. Над рэкамі Вавілона, там сядзелі і плакалі мы, калі згадвалі пра Сіён.
Давіду, цераз Ярэмію. На рэках Вавілонскіх, там сядзелі мы і плакалі, Калі ўзгадвалі Ерусалім.
На вербах пасярод яго павесілі мы свае арфы.
На вербах пасярод яго Мы пакінулі гуслі нашы.
А тыя, што нас паланілі, песьняў ад нас патрабавалі, а нашыя прыгнятальнікі — весялосьці: «пасьпявайце нам зь песьняў Сіёна».
Бо, паланіўшыя нас, запыталі пра словы песень нашых, І, насміхаўшыся над намі, жадалі песень Сіёнскіх,
Як нам сьпяваць Гасподнюю песьню на чужынскай зямлі?
Як жа песні да Госпада Нам на чужой зямлі пеці?
Калі забуду цябе, Ерусаліме, хай забудзе мяне правіца мая;
Калі забуду Цябе, Ерусаліме, То няхай анямее рука мая.
хай прыліпне язык мой да паднябеньня, калі помніць цябе я ня буду, калі не пастаўлю Ерусаліма на чале весялосьці маёй.
Няхай ссохне ў горле язык мой, калі не ўзгадаю цябе, Калі не зраблю Ерусалім перавагай вяселлю ўсялякаму.
Прыгадай, Госпадзе, сынам Эдомавым дзень Ерусаліма, калі казалі яны: «руйнуйце, руйнуйце да падмурка яго».
Узгадай, Божа, Ерусалім сынам эдомскім, што мовілі: «Знішчайце, знішчайце да высноў яго!»
Дачка Вавілона, спусташальніца! дабрашчасны, хто ўдзеліць табе за тое, што зрабіла ты нам!
Дачка вавілонава акаянная, Шчаслівы, хто аддасць табе тым, чым аддала ты нам.
Дабрашчасны, хто возьме й заб’е немаўлятак тваіх аб камень!
Шчаслівы чалавек, Што паб’е немаўлят тваіх аб каменні.