Псалтыр 32 псалом
Псалтыр
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Міхаіла Астапчыка
Псальма Давідава. Радуйцеся, праведнікі, у Госпадзе: шчырым прыстоіць хваліць!
Псалом Давіда. Радуйцеся, правядныя, Богу, Правядным належыць усхваляць.
Услаўляйце Госпада арфамі, сьпявайце Яму на дзесяціструннай псалтыры;
Усхваляйце Госпада на гуслях, На псалціры ў дзесяць струн спявайце Яму.
новую песьню сьпявайце Яму; зладжана пойце Яму, з ускліцаньнем,
Заспявайце Яму песню новую, Хораша спявайце Яму, з усклікненнем.
бо слова Гасподняе — шчырае, і ўсе дзеі Ягоныя правільныя.
Бо праўда слова Божае, І ўсім справам Яго веруйце.
Ён любіць праўду і суд; Гасподняю міласьцю зямля поўніцца.
Любіць міласэрнасць і праўду Госпад, Міласэрнасцю Божай напоўнена зямля.
Словам Госпада створаны нябёсы, і духам вуснаў Ягоных — усе сілы нябесныя.
Словам Божым неба зацверджана, І Духам вуснаў Яго — сілы нябесныя.
Ён сабраў, быццам груды, марскія воды; бездані склаў у каморах.
Збірае, як у мяхі, воды марскія, Складае бездані ў скарбніцы.
Хай баіцца Госпада ўся зямля; хай трымціць прад Ім усё жывое на сьвеце,
Да баіцца Бога ўся зямля, Да трапечуць ад Бога ўсе жывучыя ў сусвеце.
бо сказаў Ён — і сталася; Ён загадаў — і зьявілася.
Бо Ён гаворыць і робіцца, Загадвае і ўтвараецца.
Гасподзь разбурае рады язычнікаў; зьнішчае намыслы народаў.
Бог разганяе рады плямёнаў, Адмятае думкі чалавечыя і адмятае рады паноў.
А рада Гасподняя вечна стаяцьме; задумы сэрца Ягонага — з роду ў род.
Рада ж Божая навекі будзе, І думка сэрца Яго — ад роду да роду.
Дабрашчасны народ, у якога Гасподзь ёсьць Бог, — племя, якое Ён выбраў у спадчыну Сабе.
Шчаслівы народ, які мае Бога богам сваім, Гэта людзі, што Бог узяў у спадчыну Сабе.
Гасподзь паглядае зь нябёсаў, бачыць усіх сыноў чалавечых;
З неба глядзіць Бог, Бачыць сыны чалавечыя.
з трона Свайго Ён пазірае на ўсіх, што жывуць на зямлі:
З прыгатаванай сялібы Сваёй На жывучых на зямлі паглядае.
Ён стварыў сэрцы ўсіх іх, і ўважае ўсім іхнім дзеям.
Ён адзіны сатварыў сэрцы іх, Ён адзіны разумее ўсе справы іх.
Цар не ўратуецца мноствам войска; не ўбароніць волата вялікая сіла.
Не ўратуецца цар войскам вялікім, І волат не ўратуецца мноствам сілы сваёй.
Ненадзейны конь для ратаваньня, ня вызваліць сілай вялікай сваёю.
Конь не дапаможа ўратавацца, Вялікай сілай сваёй не ўратуецца.
Вось, вока Гасподняе над тымі, хто баіцца Яго, і хто спадзяецца на літасьць Ягоную,
Вось вочы Божыя глядзяць на багабаязных, На тых, хто спадзяецца на міласнасць Яго.
што Ён душу іхнюю ўратуе ад сьмерці і ў час галодны накорміць іх.
Збавіць ад смерці душы іхнія І накорміць іх у голад.
Душа наша мае надзею на Госпада: Ён дапамога наша;
Душа наша прагне Бога, Бо Памагаты і Збавіцель наш ёсць.
Ім радуецца сэрца наша, бо на сьвятое імя Ягонае мы спадзяваліся.
Бо аб Ім вясяліцца сэрца нашае, І на імя Ягонае святое спадзяемся.
Хай будзе ласка Твая, Госпадзе, з намі, мы так на Цябе надзею ўскладаем.
Няхай будзе, Божа, міласэрнасць Твая да нас, Бо спадзяёмся на Цябе.