Псалтыр 21 псалом

Псалтыр
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Міхаіла Астапчыка

 
 

Кіроўцу хору. На золку. Псальма Давідава.
 
Кіроўцу хору. На пачатку раніцы. Псалом Давіда.

Божа мой! Божа мой! нашто Ты пакінуў мяне? Далёкія словы крыку майго ад ратунку майго.
 
Божа, Божа мой, пачуй мяне! Навошта мяне Ты пакінуў? Далёка збаўленне маё нягледзячы на малаітвы мае.

Божа мой! я клічу ўдзень — і Ты не аказваешся, уначы — і няма мне супакаеньня.
 
Днём заклікаю Цябе, і не чуеш, Ноччу заклікаю да ашалеласці.

Але Ты, Сьвяты, жывеш сярод пахвалаў Ізраіля.
 
Ты ў святым месцы жывеш, пахвала Ізраіля.

На Цябе спадзяваліся нашы бацькі; спадзяваліся, і Ты вызваляў іх,
 
На Цябе спадзяваліся бацькі нашы, Спадзяваліся, і Ты вызваліў іх.

да Цябе заклікалі яны, і былі ратаваныя; на Цябе спадзяваліся, і ня былі пасаромленыя.
 
Да Цябе заклікалі і ратаваліся, На Цябе спадзяваліся і не мелі сораму.

А я чарвяк, а не чалавек, зьнявага ў людзей і пагарда ў народзе.
 
А я чарвяк, а не чалавек — Знявага і пагарда для людзей.

Усе, хто бачыць мяне, клянуць мяне; кажуць вуснамі, галавою ківаюць:
 
Усе, хто бачыць мяне, крывяцца, Ківаюць галовамі:

«ён спадзяваўся на Госпада; хай вызваліць яго, хай уратуе, калі ён даспадобы Яму».
 
«Спадзяецца на Бога? Хай ратуе Яго, Калі ён так прыемны Яму».

Але Ты вывеў мяне з улоньня матчынага; уклаў у мяне надзею каля грудзей маці маёй.
 
Ты ўзяў мяне ад чэрава матчынага, Каля грудзі матчынай Ты назіраў мяне.

Табе я даручаны ад нараджэньня; ад улоньня маці маёй Ты — мой Бог.
 
Да Цябе я даручаны з нараджэння, Ад матчынага ўлоння Ты мой Бог.

Не адыходзь ад мяне, бо блізіцца скруха, а памочніка няма.
 
Не адыходзь ад мяне, бо наблізілася да мяне бяда, І няма паблізу памагатага мне.

Многа цялят абступілі мяне, тлустыя Васанскія акружылі мяне;
 
Абышлі мяне, як мноства быкоў, Як валы тлустыя абступілі мяне.

разьзявілі пашчу сваю на мяне, як леў, які прагне здабычы і рыкае.
 
Раззявілі на мяне пашчы свае, Як той леў драпежны равуць.

Я разьліўся, нібы вада; усе косткі мае рассыпаліся; сэрца маё, быццам воск, зрабілася, растала ў нутрыне маёй.
 
Як вада я праліўся, пассыпаліся косці мае, Сэрца мае, як той воск, патаяла ў грудзях маіх.

Моц мая высахла, як чарапок; язык мой прыліп да гартані маёй, і Ты зьвёў мяне ў пыл сьмяротны.
 
Зламалася моц мая як чарапок гліняны, Язык мой прысох да гартані маёй, у попел смяротны я ізышоў.

Бо сабакі мяне атачылі, хэўра злыдняў мяне абступіла, прабілі рукі мае і ногі мае;
 
Абышлі мяне як тыя сабакі, абступілі мяне злодзеі, Прабілі ногі і рукі мае,

можна было палічыць усе косткі мае, а яны дзівяцца, робяць зь мяне відовішча,
 
Перабралі ўсе косці мае, Глядзяць з пагардай.

дзеляць рызы мае між сабою; і за адзежу маю кідаюць жэрабя.
 
Рызы мае падзялілі сабе, І аб вопратцы маёй кінулі жрэбя.

Але Ты, Госпадзе, не адыходзь ад мяне; сіла мая! пасьпяшайся мне на дапамогу;
 
Ты, Божа, не адымі дапамогі ад мяне, Паспяшайся абараніць мяне.

душу маю аслані ад меча і ад сабак самотную маю;
 
Ратуй ад зброі душу маю, З лап сабачых — самотнага мяне.

уратуй мяне ад ільвінае пашчы і ад рагоў аднарогаў, пачуўшы, выратуй мяне.
 
Ратуй мяне ад зубоў ільвовых, Ад рагоў буйвала збаві мяне.

Буду абвяшчаць імя Тваё братам маім, славіць буду Цябе на сходзе.
 
Абвяшчу імя Твае братам маім, Пасярод Царквы буду спяваць да Цябе.

Вы, што баіцеся Госпада! Усхвалеце Яго. Увесь род Якаваў! праславі Яго. Хай баіцца Яго ўвесь род Ізраілеў!
 
Хто Бога баіцца, хваліце Яго! Увесь род Якава, слаўце Яго! Да баіцца Бога ўвесь народ Ізраіля!

Бо Ён не пагрэбаваў скрухаю спрагненага і не адцураўся яе, і ня ўхіліў ад яго аблічча Свайго, а пачуў яго, калі той паклікаў Яго.
 
Як не пагрэбаваў і не адмовіў малення беднага, І не адвярнуў твар Свой ад мяне, і калі клікаў да Яго, пачуў мяне.

Табе хвала мая на сходзе вялікім; спраўджу свае абяцаньні перад тымі, хто баіцца Яго.
 
Ад Цябе хвала мая, у царкве вялікай услаўлю Цябе, Маленні ўзнясу перад богабаязнымі.

Хай ядуць бедныя і насычаюцца; хай уславяць Госпада тыя, што шукаюць Яго; хай жывуць сэрцы вашыя векапомна!
 
Хай ядуць бедныя і наядуцца, і ўсхваляць Бога тыя, хто шукае Яго, І будуць жывыя іх сэрцы ў векі вечныя.

Схамянуцца і да Госпада вернуцца ўсе канцы зямлі, і схіляцца прад Табою ўсе плямёны язычнікаў,
 
Узгадаюць і звернуцца да Бога ўсе канцы зямлі, І паклоняцца Яму ўсе народы і царства.

бо Гасподняе ёсьць царства, і Ён — Уладар над народамі.
 
Бо Божыя царства ўсе, І Ён правіць ўсімі народамі.

Будуць есьці і пакланяцца ўсе сытыя на зямлі; схіляцца прад Ім усе, што сыходзяць у тло і ня могуць захаваць жыцьця свайго.
 
Наядуцца і паклоняцца Яму ўсе дабрадзённыя на зямлі, І прыпадуць да Яго ўсе зыходзячыя ў зямлю, і душа мая таму жыве.

І нашчадкі служыцьмуць Яму, і будуць звацца Гасподнімі вечна,
 
І семя маё будзе працаваць на Яго, Абвесціць Бога будучы род.

прыйдуць і абвяшчацьмуць праўду Ягоную людзям, якія народзяцца, якіх стварыў Гасподзь.
 
Абвесціць праўду Яго народу новаму, Што Бог сатврыў.