Псалтыр 105 псалом
Псалтыр
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Міхаіла Астапчыка
Алілуя. Слаўце Госпада, бо Ён добры, бо навечна ласка Ягоная.
Алелюйя. Праслаўце Бога, бо Добры, Вечна міласэрнасць Ягоная.
Хто выкажа магутнасьць Госпада, хто абвесьціць усю славу Ягоную?
Хто выкажа усю магутнасць Ягоную? І хто зможа ўзгаласіць усю славу Яго?
Дабрашчасныя — хто трымаецца права, хто чыніць па праўдзе ва ўсякі час!
Шчаслівы, хто захаваў закон І творыць праўду на кожны час.
Спамяні пра мяне, Госпадзе, у зычлівасьці да народу Твайго; наведай мяне ратаваньнем Тваім,
Узгадай нас, Божа, дабраспрыяннем да людзей Тваіх, Наведай нас ратаваннем Тваім.
каб угледзеў я дабрадзенства выбранцаў Тваіх, каб радаваўся я радасьцю народу Твайго, каб хваліўся я спадчынаю Тваёю.
Каб убачыць у даброце выбраных Тваіх, Вясяліцца вясялосцю народа Твайго, хваліцца разам з набыткам Тваім.
Зграшылі мы з бацькамі нашымі, учынілі бяспраўе, скрывілі праўду.
Саграшылі з бацькамі нашымі, Учынялі бяззаконне, рабілі няпраўду.
Бацькі нашыя ў Егіпце не зразумелі цудаў Тваіх, не памяталі безьлічы міласьцяў Тваіх і ўзбунтаваліся каля мора, Чэрмнага мора.
Продкі нашы ў Егіпце не зразумелі цудаў Тваіх, Не ўзгадалі мноства міласэрнасці Тваёй і наракалі, калі вайшлі ў Чырвонае мора.
Але Ён уратаваў іх дзеля імя Свайго, каб паказаць магутнасьць Сваю.
І ратаваў іх імя Свайго дзеля, Каб убачылі моц Тваю.
Грозна прамовіў мору Чэрмнаму, і яно высахла; і правёў іх прадоньнем, як па сухім;
І загадаў Чырвонаму мору, і яно высахла, І павёў іх па бездані як па сушы.
і ўратаваў іх ад рукі ненавісьніка і выбавіў іх ад рукі ворага.
І ратаваў іх ад рук нянавіснікаў, І збавіў ад рук ворагаў.
Воды накрылі ворагаў іхніх; ніводнага зь іх не засталося.
Пакрыла вада супастатаў іх, Ніводнага не засталося.
І паверылі яны словам Ягоным, і пасьпявалі славу Яму.
І паверылі ў словы Яго, І заспявалі славу Яму.
Але неўзабаве забылі дзеі Ягоныя, не дачакаліся Ягонага пажаданьня:
Але хутка забылі пра справы Яго І не захавалі запавету Яго.
і загарэліся ў пустыні пажадай, і спакусілі Бога ў бязьлюднай.
І дадаліся да жаданняў сваіх у пустэльні, І спакушалі Бога сярод бязводдзя.
І Ён выканаў іхнюю просьбу, але паслаў на іх душы пошасьць.
І даў ім па прашэнням іх, Паслаў насычэнне душам іхнім.
І пазайздросьцілі ў табары Майсею і Аарону, сьвятому Гасподняму.
І прагнявілі Маісея І Аарона, святога Божага.
Раскалолася зямля, і паглынула Датана, і накрыла Ааронавую зборню.
Расчынілася зямля і пажэрла Дафана, І паглынула Авіронавых людзей.
І загарэўся вагонь на зборні іхняй, полымя папаліла бязбожных.
І ўзгарэлася полымя ў стане іх, І папаліла полымя ўсіх няверных.
Зрабілі цяля каля Харыва, і пакланіліся ідалу;
І зрабілі залатое цяля ў Харыву, І пакланіліся балвану.
і памянялі славу сваю на выяву вала, які есьць траву.
І змянілі славу Божыю На выяву быка, што траву жарэ.
Забыліся Бога, Збаўцу свайго, Які велічнае ў Егіпце ўчыніў,
І забылі Бога ратаваўшага іх, Што вялікія справы сатварыў у Егіпце,
дзівоснае ў зямлі Хамавай, страшэннае каля Чэрмнага мора.
Цудоўнае ў зямлі Хамавай І страшэннае на моры Чырвоным.
І хацеў вынішчыць іх, калі б Майсей, выбранец Ягоны, ня стаў прад Ім у расколіне, каб адвесьці ятру Ягоную, не пагубіць іх.
І захацеў бы панішчыць іх, каб не Маісей, выбраны Ягоны, Што стаў у журбоце прад Ім, каб адвесці лютасць Яго, да не знішчыць іх.
І пагардзілі яны зямлёю жаданаю, ня верылі слову Ягонаму;
І пагардзілі зямлёй жаданай, І не мелі веры словам Ягоным.
і наракалі ў палатках сваіх, ня слухаліся голасу Гасподняга.
І наракалі ў сялібах сваіх, Не пачулі голаса Божыя.
І падняў Ён руку Сваю на іх, каб зубожыць іх у пустыні,
І ўзняў руку Сваю на іх, Каб пакараць іх у пустэльні.
і зубожыць іхні род сярод народаў і расьсеяць іх па зямлі.
І знішчыць род іхні, І рассеяць іх па народах.
Яны прыляпіліся да Ваалфэгора, і елі ахвяры бяздушным,
І дачыніліся да Вээльфягора, І рабілі ахвяры да нежывах.
і разгневалі Бога сваімі ўчынкамі, і напала пошасьць на іх.
І раздражнялі Яго сваімі спачынамі, І пачаўся падзеж сярод іх.
І паўстаў Фінээс, і ўчыніў суд, — і спынілася пошасьць
Но з’явіўся Фінэс і задобрыў, І спыніў мор.
І залічана гэта яму ў праведнасьць на векі вечныя з роду ў род.
Залічылася гэта яму ў правяднасць Ад роду і да роду і да века.
І ўгневалі Бога каля водаў Мэрывы, і Майсей пацярпеў за іх,
І прагнявілі Яго пры водах, дзе быў мяцеж, І Маісей пацярпеў з-за іх.
бо засмуцілі яны дух ягоны, і ён паграшыў вуснамі сваімі.
Бо засмуцілі ягоны дух І паграшыў заняхайваннем вуснаў сваіх.
Ня вынішчылі народаў, пра якія сказаў ім Гасподзь;
Не вынішчылі паганых, Як загадаў Госпад ім,
а зьмяшаліся зь язычнікамі, і навучыліся дзеяў іхніх;
І змяшаліся з імі, І дачыніліся да спраў іхніх.
служылі ідалам іхнім, якія былі ім сеткаю,
І паслужылі балванам іх, І трапілі ў спакусу.
і прыносілі сыноў сваіх і дачок сваіх у ахвяру дэманам;
І пралілі кроў непавінную, кроў сыноў і дачок сваіх, Што прынеслі ў ахвяру балванам ханаанскім, і знішчана была зямля крывёю гэтай.
пралівалі кроў бязьвінную, кроў сыноў сваіх і дочак сваіх, якіх прыносілі ў ахвяру ідалам Ханаанскім, — і зьнячысьцілася зямля крывёю;
І апаганіліся справамі сваімі, І да блудадзеяння дачыніліся.
зьнячышчалі сябе дзеямі сваімі і распусьнічалі ўчынкамі сваімі.
І ўгнявіўся лютасцю Бог на людзей Сваіх, Пагрэбаваў набыткам Сваім,
І запалаў гнеў Гасподні на народ Ягоны, і пагрэбаваў Ён спадчынай Сваёю
Аддаў іх у рукі ворагаў іх, І завалодалі імі нянавіснікі іхнія.
і перадаў іх у рукі язычнікам, і ненавісьнікі іх завалодалі імі.
Прыгняталі іх ворагі, І пакарылі іх пад рукі свае.
Ворагі іхнія ўціскалі іх, і яны ўпакорваліся пад рукою іхняю.
Шмат разоў ратаваў іх, яны ж засмучалі Яго сваёю ўпартасцю, І не жадалі пакінуць бяззаконні свае.
Шмат разоў Ён іх вызваляў; а яны немарасьціліся прад Ім, і прыніжаліся за беззаконьне сваё.
Бачыў Бог, калі бедавалі яны, І чуў маленні іх.
Але Ён зважаў на іх смутак, калі чуў іхнія енкі,
І ўзгадаў запавет Свой, І пашкадаваў па шматміласэрнасці Сваёй.
і прыгадваў запавет Свой зь імі, і раскайваўся ў многіх міласьцях Сваіх,
Шчодрасць падаў ім Ад усіх прыгнятальнікаў іх.
і абуджаў спагаду да іх ва ўсіх, хто іх браў у палон.
Ратуй нас, Божа, Божа наш! І збяры нас ад народаў праславіць імя Твае святое, хваліцца Тваёю пахвалой.
Ратуй нас, Госпадзе, Божа наш, зьбяры нас спаміж народаў, каб мы славілі сьвятое імя Тваё, хваліліся Тваёю славаю.
Дабраславены Божа Бог Ізраіляў ад веку і да веку! І да кажуць усе людзі: так, так.
Дабраславёны Гасподзь, Бог Ізраілеў, спрадвеку і навечна! І хай скажа ўвесь народ: амін! Алілуя!