Псалтыр 33 псалом

Псалтыр
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Міхаіла Астапчыка

 
 

Псальма Давіда, калі ён удаваў зь сябе вар’ята перад Авімэлэхам і быў ад яго выгнаны, і пайшоў.
 
Псалом Давіда, калі ён зрабіўся непрытомным перад Авімэлехам, І той адпусціў яго, і пайшоў ад яго.

Дабраслаўляю Госпада ва ўсякую пору; хвала Яму няспынная ў вуснах маіх.
 
На ўсякі час дабраслаўлю Бога, Заўсёды на вуснах маіх хвала Яму.

Госпадам будзе хваліцца душа мая; пачуюць пакорныя і ўзьвяселяцца.
 
Богам хваліцца душа мая, Да пачуюць незласлівыя і ўзвясяляцца.

Вялічайце Госпада са мною, і ўзносьма імя Ягонае разам.
 
Разам са мной узвялічым Бога, Разам узнясем імя Ягонае.

Я шукаў Госпада, і Ён пачуў мяне і ад усякіх небясьпекаў маіх вызваліў мяне.
 
Шукаў Бога і пачуў мяне, І ад усіх бядотаў збавіў мяне.

Хто прыглядваўся да Яго, тыя прасьвятліліся, і твары іхнія ня зьведаюць сораму.
 
Падыдзіце да Яго і прасвятліціся, І твары вашы не пасаромяцца.

Вось убогі паклікаў, — і Гасподзь пачуў і ўратаваў яго ад усіх ягоных бедаў.
 
Вось бедны заклікае, і Бог чуе яго, І ад усіх бядотаў збавіць яго.

Гасподні анёл паўстае вакол тых, хто баіцца Яго, — і іх вызваляе.
 
Паўстане анёл Божы вакол богабаязных І абароніць іх.

Паспытайце і ўбачыце, які добры Гасподзь! Дабрашчасны той чалавек, што на яго спадзяецца!
 
Пакаштуйце і ўбачце, які добры Бог, Шчаслівы чалавек, што спадзяецца на Яго.

Бойцеся Госпада, усе сьвятыя Ягоныя; бо ня маюць нястачы тыя, што баяцца Яго.
 
Бойцеся Бога ўсе святыя Яго, Бо не маюць нястачы багабаязныя.

Ільвяняты церпяць нягоды і голад, а богашукальнікі ня церпяць нястачы ні ў якім дабры.
 
Багатыя згалеюць і запрагнуць, Шукаючыя Бога не пазбавяца аніякага дабра.

Прыйдзеце, дзеці, паслухайце мяне: страху Гасподняму вас навучу.
 
Падыдзіце, дзеці, паслухайце мяне, Страху Божыю навучу вас.

Ці хоча чалавек жыць і ці любіць дабрадзенства, каб бачыць дабро?
 
Хто такі чалавек, што жыццця жадае, Што жадае бачыць добрыя дні?

Трымай язык свой ад злога і вусны свае ад падступных словаў.
 
Ён трымае язык свой ад ліха, І вуснамі сваімі не гаворыць няпраўду.

Ухіляйся ад ліха і рабі дабро; шукай міру і йдзі за ім.
 
Ён хароніцца ліха і творыць дабро. Ён шукае міра і імкнецца да яго.

Вочы Гасподнія — на праведных, і вушы Ягоныя — на скаргу іхнюю.
 
Вочы Божыя да правядных, І вушы Яго — да маленняў іх.

А аблічча Гасподняе — супроць тых, што робяць ліхое, каб зьвесьці зь зямлі памяць пра іх.
 
Бачыць Божа і ліха дзеючых, І панішчыць на зямлі памяць пра іх.

Клічуць, і Гасподзь чуе, і ад усіх уціскаў іх вызваляе.
 
Заклікнуць правядныя, і Бог пачуе іх, І ад усіх бядотаў іх збавіць.

Блізкі Гасподзь да тых, у каго зламанае сэрца, і пакорлівых духам — уратуе.
 
Недалёка Бог ад нязлосных сэрцам, І рахманых духам уратуе.

Многа турботаў у праведніка, і ад усіх іх Гасподзь вызваляе.
 
Шмат бядотаў у правядных, Але ад усіх Бог збавіць іх.

Ён хавае ўсе косткі ягоныя; і ніводная не паламаецца!
 
Захавае Бог усе косці іх, Ніводная не пакрышыцца.

Зло заб’е грэшніка, і ненавісьнікі праведнасьці загінуць.
 
Жудасная ў бязбожных смерць, І нянавіснікі правядных грашаць.

Гасподзь вызваліць душу рабоў Сваіх, і не загіне ніхто, хто на Яго спадзяецца.
 
Уратуе Бог душы рабоў Сваіх, Не грашаць тыя, хто спадзяецца на Яго.