Псалтыр 83 псалом

Псалтыр
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Міхаіла Астапчыка

 
 

Кіроўцу хору. На Гэцкім інструмэньце. Сыноў Карэевых. Псальма.
 
Кіроўцу хору. На Гефскай прыладзе. Карэявым сынам. Псалом.

Якія жаданыя селішчы Твае, Госпадзе сіл!
 
Як жа сялібы пажаданыя Твае, Божа сілаў!

Душа мая стужылася, прагнучы ў двары Гасподнія; сэрца маё і цела маё імкнуцца да Бога жывога.
 
Тужыць і знемагае душа мая па сялібах Божых! Сэрца мае і плоць мая ўзрадавалася пра Бога жывога.

І птушка знаходзіць сабе жытло, і ластаўка гняздо сабе, дзе пакласьці птушанятак сваіх, каля алтароў Тваіх, Госпадзе сіл, Цару мой і Божа мой!
 
Бо і птушка знойдзе сабе дом, и галубіца — гняздо для птушанят сваіх, А я каля ахвярнікаў Тваіх, Божа сілаў, Цару і Божа мой!

Дабрашчасныя тыя, што жывуць у доме Тваім; яны няспынна будуць славіць Цябе.
 
Шчаслівыя, што жывуць у доме Тваім, У векі вякоў уславяць Цябе.

Дабрашчасны чалавек, сіла Якога ў Табе, і ў якога ў сэрцы сьцежкі вядуць да Цябе.
 
Шчаслівы чалавек, што мае абарону ў Цябе, Што ў сэрцы ўзносіцца да Цябе.

Ідучы далінаю плачу, яны адчыняюць у ёй крыніцы, і дождж пакрывае яе дабраславеньнем;
 
У даліне слёз месца прызначанае, Бо Законадаўца дасць дабраслаўленне.

прыходзяць ад сілы ў сілу, паўстаюць прад Богам на Сіёне
 
Ён узыходзіць ад сілы ў сілу, З’явіцца Бог багоў у Сіёне.

Госпадзе, Божа сіл! Пачуй малітву маю, уважы, Божа Якаваў!
 
Божа, Божа сілаў, пачуй малітву маю, Пачуй, Божа Якава!

Божа, абаронца наш! Прынікні і дагледзь аблічча памазанца Твайго.
 
Абаронца наш, пабач Божа, І паглядзі на твар Хрыста Твайго.

Бо адзін дзень у дварах Тваіх лепшы за тысячу. Хачу лепей быць каля парога ў доме Божым, чым жыць у намётах няславы.
 
Бо адзін дзень у сялібах Тваіх лепш за тысячу іншых, Хацеў бы ляжаць каля ганку Бога майго, чым жыць у сялібах грэшных.

Бо Гасподзь Бог ёсьць сонца і шчыт, Гасподзь дае мілату і славу; дабра не адмаўляе тым, хто ў беззаганнасьці ходзіць.
 
Бо дабрыню і праўду любіць Бог, Бог дабрадар і славу дасць, Бог не адніме даброт ад тых, што ходзяць не ў злабе.

Госпадзе сіл! Дабрашчасны той чалавек, які на Цябе спадзяецца!
 
Божа, Божа сілаў, Шчаслівы чалавек, што спадзяецца на Цябе!