Псалтыр 134 псалом
Псалтыр
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Міхаіла Астапчыка
Алілуя. Хвалеце імя Гасподняе, хвалеце, рабы Гасподнія,
Алелюйя. Хваліце імя Божае, Хваліце, рабы Божыя,
усе, хто стаіць у доме Гасподнім, у дварах Бога нашага.
Што стаяць ў храме Госпада, У двары дома Бога нашага,
Хвалеце Госпада, бо Гасподзь добры; сьпявайце імю Ягонаму, бо гэта соладка,
Хваліце Бога, бо дабрадзейны Божа, Спявайце імя Яго салодкае.
бо Гасподзь абраў сабе Якава, Ізраіля ўласнасьцю Сваёю.
Бо Якава абраў Сабе Бог, Ізраіль паклаў у набытак Сабе.
Я ўведаў, што Гасподзь вялікі, і Гасподзь наш вышэйшы за ўсіх багоў.
Бо спазнаў я вялікасць Госпада, Ён Бог над усімі багамі.
Гасподзь творыць усё, што хоча, на нябёсах і на зямлі, на морах і ва ўсіх прадоньнях;
Усё, што пажадае, творыць Бог На небе, на зямлі, на моры і на прасторах усіх.
узводзіць хмары ад краю зямлі, творыць маланкі пры дажджы, выводзіць вецер са сховішчаў Сваіх.
Ён уздымае хмары ад краю зямнога, ператварае маланкі ў дождж, Вецер уздымае са сховішч Сваіх.
Ён пабіў першынцаў Егіпта, ад чалавека да быдла,
Ён знішчыў першынцаў ягіпецкіх — Ад людзей да скатоў іх.
паслаў азнакі і цуды сярод цябе, Егіпце, на фараона і на ўсіх рабоў ягоных,
Паслаў зазнакі Свае пасярод цябе, Егіпет, на фараона і на ўсіх рабоў ягоных,
пабіў народы многія, і вынішчыў цароў моцных:
Знішчыў народы шматлікія і цароў вялікіх:
Сігона, цара Амарэйскага, і Ога, цара Васанскага, і ўсе царствы Ханаанскія;
Сігона, цара Амарэйскага, і Ога, цара Васанскага, І ўсе царства ханаанскія.
і аддаў зямлю іхнюю ў спадчыну, у спадчыну Ізраілю, народу Свайму.
І даў у спадчыну зямлю іх — Набытак Ізраілю, людзям Сваім.
Госпадзе! імя Тваё навечна; Госпадзе! памяць пра Цябе з роду ў род.
Божа, імя Твае навекі, І памяць пра Цябе ад роду да роду.
Бо Гасподзь судзіцьме народ Свой, і з рабоў Сваіх умілажаліцца.
Бо су́дзіць Госпад народ Свой, І да рабоў Сваіх змілуецца.
Ідалы язычнікаў — срэбра і золата, утворы рук чалавечых.
Балваны паганскія са срэбра і золата — Зроблены рукамі чалавечымі.
Ёсьць у іх вусны, але не маўляюць, ёсьць у іх вочы, але ня бачаць;
Вусны маюць, але не кажуць, Вочы маюць, але не бачаць,
ёсьць у іх вушы, але ня чуюць, і няма дыханьня ў вуснах у іх.
Вушы маюць, але не чуюць Няма подыху ў вуснах іх.
Спадобняцца ім тыя, што робяць іх, і кожны, хто спадзяецца на іх.
Падобныя да іх няхай зробяцца і ўсе ствараючыя іх, І тыя, хто на іх спадзяванне ўскладаюць.
Доме Ізраілеў! дабраславеце Госпада. Доме Ааронаў! дабраславеце Госпада.
Дом Ізраіляў, дабраслаўце Бога! Дом Ааронаў, дабраслаўце Бога!
Доме Лявія! дабраславеце Госпада. Хто баіцца Госпада, дабраславеце Госпада.
Дом Левін, Госпада дабраслаўце! Багабаязныя, дабраслаўце Госпада!
Дабраславёны Гасподзь ад Сіёна, Які жыве ў Ерусаліме! Алілуя!
Дабраславены Бог Сіёна, што жыве ў Ерусаліме.