Псалтыр 50 псалом

Псалтыр
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Міхаіла Астапчыка

 
 

Кіроўцу хору. Псальма Давідава,
 
Кіроўцу хору. Псалом, што спеў Давід,

калі да яго прыходзіў прарок Натан пасьля таго, як Давід увайшоў да Вірсавіі.
 
Калі прыходзіў прарок Нафан, Апасля таго, як Давід зайшоў да Вірсавіі.

Зьлітуйся, Божа, зь мяне ў вялікай ласцы Тваёй, і ў мностве шчадротаў Тваіх загладзь беззаконьні мае!
 
Даруй мне, Божа, па вялікай міласэрнасці Тваёй, І па вялікай шчодрасці Тваёй ачысці бяззаконне мае.

Адмый мяне шматкроць ад беззаконьня майго, і ад грэху майго ачысьці мяне:
 
Шматкроць амый мяне ад бяззаконня майго І ад граху майго ачысці мяне.

бо беззаконьне маё я ўсьведамляю, і грэх мой заўсёды перада мною.
 
Бо бяззаконне мае я ведаю, І грэх гэты заўсёды перад вачамі маімі.

Табе, Табе аднаму я зграшыў і прад вачыма Тваімі благое ўчыніў: таму справядлівы Ты будзеш у прысудзе Тваім, і чысты ў судзе Тваім.
 
Табе аднаму саграшыў і благое перад Табой сатварыў, І праўда будзе Твая, калі асудзіш мяне.

Вось, я ў беззаконьні зачаты, і ў грэху маці мая нарадзіла мяне.
 
Бо вось я ў бяззаконнях запачаты, І ў грахах мяне маці нарадзіла.

Вось, палюбіў Ты праўду ў сэрцы і ўліў у мяне тайную мудрасьць.
 
А Ты праўду жадаеш, Невядомую і таямнічую шматмудрасць адчыніў мне.

Акрапі мяне ісопам, і ачышчуся: абмый мяне, і бялей за сьнег адбялюся.
 
Абрасі мяне расою, і ачышчуся, Амый мяне, і стану бялей чым снег.

Дай мне ўцеху пачуць і радасьць, і ўзрадуюцца косьці, Табою паламаныя.
 
Да вушэй маіх данясецца радасць і вяселле, І ўзрадуюцца косці мае.

Адвярні аблічча Тваё ад грахоў маіх і загладзь усе беззаконьні мае.
 
Не глядзі на грахі мае І ўсе бяззаконні мае ачысці.

Чыстае сэрца ўмацуй ува мне, Божа, і дух справядлівы аднаві ўва мне.
 
Сэрца чыстым зрабі мае, Божа, І правядны дух анаві ў сэрцы маім.

Не адкінь мяне ад аблічча Твайго і Духа Твайго Сьвятога не адбірай у мяне.
 
Не адпрэч мяне ад твару Твайго, І Духа Твайго Святога не аднімі ад мяне.

Вярні мне радасьць збавеньня Твайго, і Духам Уладным мяне падтрымай.
 
Падай мне радасць ад ратавання Твайго, І Духам уладарным падтрымай мяне.

Я навучу беззаконцаў дарогам Тваім, і бязбожныя да Цябе навернуцца.
 
Навучу бяззаконных шляхам Тваім, І бязбожныя да цябе звернуцца.

Вызваль мяне ад крывавасьці, Божа, Божа ратунку майго; і язык мой уславіць праўду Тваю.
 
Збаві мяне ад крыві, Божа, Божа ратавання майго, Узрадуецца язык мой праўдзе Тваёй.

Госпадзе! адкрый вусны мае, і вусны мае прагалосяць славу Табе:
 
Божа, вусны мае адчыні, І вусны мае ўзнясуць славу Табе.

бо калі б ахвяры Ты пажадаў, я даў бы яе; цэласпаленьне Табе не падабаецца.
 
Калі б Ты жадаў ахвяры, то даў бы Табе, Але ж усеспаленні Табе не патрэбны.

Ахвяра Богу — дух упакораны; сэрца ўпакоранае і зьміранае Бог ня зьнішчае.
 
Ахвяра Богу — дух упакораны, Сэрца пакорнае і мірнае Бог не абразіць.

Ушчасьліві, Госпадзе, добрай воляй Тваёю Сіён, і хай паўстануць муры Ерусалімскія.
 
Адаруй, Божа, дабражаданнем Тваім Сіён, І забудуюцца муры Ерусалімскія.

Тады ўпадабаеш Ты ахвяру праўды, прынашэньні і цэласпаленьні; тады пакладуць на алтар Твой цялят.
 
І тады ўпадабаеш ахвяру праўды, прынашэнні і ўсеспаленні, Тады пакладуць на алтар Твой быкоў.