Псалтыр 102 псалом

Псалтыр
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Міхаіла Астапчыка

 
 

Псальма Давідава. Дабраславі, душа мая, Госпада, і ўсё нутро маё — сьвятое імя Ягонае.
 
Псалом Давіда. Дабраславі, душа мая, Бога, Усім сэрцам імя святое Яго.

Дабраславі, душа мая, Госпада, і не забывай усіх добрых дзеяў Ягоных.
 
Дабраславі, душа мая, Бога, І не забывай усіх дабрадзеянняў Яго.

Ён даруе ўсе беззаконьні твае; ацаляе ўсе немачы твае;
 
Даруючага ўсе бяззаконні Твае, Ацаляючага ўсе немачы Твае.

ад магілы жыцьцё тваё вызваляе, вянчае цябе міласьцю і шчадротамі;
 
Вызваляючага ад смерці жыццё твае, Вянчаючага цябе дабротамі і шчадротамі.

насычае дабротамі жаданьні твае: абнаўляецца, як арол, юнацтва тваё.
 
Выконваючага ўсе добрыя пажаданні твае, Звернецца арлянём юнацтва твае.

Гасподзь творыць праўду і суд усім пакрыўджаным.
 
Робіць міласціну Бог І суд для ўсіх пакрыўджаных.

Ён паказаў шляхі Свае Майсею, сынам Ізраілевым — дзеі Свае.
 
Казаў шляхі Свае Маісею, Сынам Ізраіля ўсе жаданні Свае.

Шчодры і міласьцівы Гасподзь, вельмі цярплівы і шчодраміласьцівы:
 
Шчодры і Міласэрны Бог, Шматцярпялівы і Шматміласны.

не да канца гневаецца і не навек абураецца.
 
Не навечна ўгневаецца, Не вечна абураецца.

Не паводле злачынстваў нашых стварыў нам, і не паводле грахоў нашых аддаў нам:
 
Не паводле бяззаконняў сатварыў нам, Не паводле грахам нашым аддаў нам.

бо, як высока неба над зямлёю, так вялікая ласка Госпада да тых, хто баіцца Яго;
 
Як высока неба над зямлёю, Так вялікая дабрыня Яго да ўсіх багабаязных.

як далёка ўсход ад захаду, так аддаліў Ён ад нас беззаконьні нашыя;
 
Як далёка ўзыход ад заходу, Так падаліў ад нас бяззаконні нашы.

як бацька даруе сынам, так даруе Гасподзь тым, хто баіцца Яго.
 
Як бацька шчодры да сына свайго, Так Госпад шчодры да багабаязных.

Бо Ён ведае склад наш, памятае, што мы — пыл.
 
Бо ведае сутнасць нашу, Ведае, што попел мы.

Дні чалавечыя — як трава; як польная краска, так ён цьвіце.
 
Чалавек, дні яго як трава, Як кветкі палявыя адквітнеюць.

Пройдзе над ім вецер, і няма яго, і месца ягонае ўжо не пазнае яго.
 
Дух яго пройдзе ў ім і не стане, І не знойдуць месца яго.

А ласка Гасподняя зьвеку й давеку тым, хто баіцца Яго,
 
Міласэрнасць жа Божая ад веку І да веку на багабаязных.

і праўда Ягоная на сынах сыноў, якія захоўваюць запавет Ягоны і памятаюць наказы Ягоныя, каб выконваць іх.
 
І праўда Яго на сынах сыноў, што захавалі запавет Ягоны, І што памятаюць загады Яго, каб выконваць іх.

Гасподзь на нябёсах паставіў Свой трон, і царства Ягонае ўсім валодае.
 
Бог на Небе прыгатаваў прастол Свой, І царства Яго над усім валадарыць.

Дабраславеце Госпада, усе анёлы Ягоныя, моцныя сілаю, выканаўцы слова Ягонага.
 
Дабраслаўце Бога, усе Анёлы Яго, дужыя і моцныя, Творачыя загады Яго, пачуйце голас слоў Ягоных.

Дабраславеце Госпада, усе войскі Ягоныя, службіты Ягоныя, што выконваюць волю Ягоную.
 
Пачуйце Бога, усе сілы Яго, Службіты Яго, творачыя волю Яго.

Дабраславеце Госпада, усе дзеі Ягоныя, ва ўсіх месцах валадарства Ягонага. Дабраславі, душа мая, Госпада!
 
Дабраславі Бога, усё створанае Ім. На ўсялякім месцы валадарства Яго дабраславі, душа мая, Бога!