Псалтыр 64 псалом
Псалтыр
Пераклад Васіля Сёмухі → Пераклад Міхаіла Астапчыка
Кіроўцу хору. Псальма Давідава для сьпяваньня.
Кіроўцу хору. Псалом. Песня Давіда, Песня Язэкіля і Ярэміі, калі зыходзілі з палону.
Табе, Божа, належыць хвала на Сіёне, і Табе будзе дадзена абяцаньне ў Ерусаліме.
Табе прысвечана песня, Божа, у Сіёне, І да Цябе ўзнясецца малітва ў Ерусаліме.
Ты чуеш малітву; да Цябе ўсё жывое прыходзіць.
Пачуй малітву маю, Бо да Цябе звяртаецца кожная плоць.
Учынкі грахоўных адольваюць мяне. Ты ачысьціш злачынствы нашыя.
Словы бяззаконных перамагаюць нас, Але бязчэсце нашае Ты ачысціш.
Дабрашчасны, каго Ты абраў і наблізіў, каб ён жыў у сялібах Тваіх. Насыцімся дабром дома Твайго, сьвятога храма Твайго.
Шчаслівы абраны і прыяты, што паселіцца ў сялібах Тваіх, Будзем насычацца дабром дому Твайго, святога храма Твайго ў праўдзе дзівоснага.
Страшны ў правасудзьдзі, пачуй нас, Божа, Ратаўнік наш, надзея ўсіх канцоў зямлі і ўсіх, хто далёка ў моры,
Пачуй нас, Божа, Ратаўніча наш, Спадзяванне ўсіх канцоў зямлі і тых, хто далёка на моры.
Ты, Хто горы паставіў сілаю Сваёю, магутнасьцю аперазаны,
Угатаваў горы сілай Сваёй, Апаясаны моцай.
Хто таймуе гул мораў, плёскат іхніх хваляў, і бунт народаў!
Таймуеш глыбіні марскія, і шумныя хвалі сціхаюць, Змятуцца народы.
І забаяцца азнакаў Тваіх жыхары ўсіх канцоў зямлі. І ранак і вечар абудзіш на славу Тваю.
Напалохаюцца людзі паўсюль зазнакаў Тваіх, Ад заходу да захаду усхваляць Цябе.
Ты наведваеш сушу і спатольваеш смагу яе, шчодра яе ўзбагачаеш: паток Божы поўны вады; Ты яе збожжа гатуеш, бо так яе зладзіў;
Наведваеш зямлю і напаяеш яе, памнажаеш і ўзбагачаеш яе, рака Божыя паўнаводная, Прыгатаваў для людзей хлебы, бо гэта заўгодна Табе.
Ты поіш барозны яе, раўняеш камлыгі яе, пульхніш яе кроплямі дажджу, дабраслаўляеш расьліннасьць яе;
Баразны яе напаяеш, памножаеш жыта яе, І ў кроплях расы ўзвясяліцца, ззяя.
вянчаеш лета даброці Тваёй, і сьцежкі Твае кроплямі тлушчу цякуць;
Дабраславішы часы года дабром Тваім, І палі Твае ўзыдуць тукам.
цякуць на пустэльныя пашы, і пагоркі радасьцю апяразваюцца,
Расквітнеюць прыгажосцю пустані, Узгоркі радасцю апаяшуцца.
лугі апранаюцца ў статкі, і даліны ўкрываюцца збажыною, гукаюць яны і сьпяваюць.
Пакрыюцца авечкамі і цялятамі, І даліны збожжам памножацца, усклічуць і заспяваюць.