1 Кіроўцу хору. Псальма Давідава для сьпяваньня.
2 Табе, Божа, належыць хвала на Сіёне, і Табе будзе дадзена абяцаньне ў Ерусаліме.
3 Ты чуеш малітву; да Цябе ўсё жывое прыходзіць.
4 Учынкі грахоўных адольваюць мяне. Ты ачысьціш злачынствы нашыя.
5 Дабрашчасны, каго Ты абраў і наблізіў, каб ён жыў у сялібах Тваіх. Насыцімся дабром дома Твайго, сьвятога храма Твайго.
6 Страшны ў правасудзьдзі, пачуй нас, Божа, Ратаўнік наш, надзея ўсіх канцоў зямлі і ўсіх, хто далёка ў моры,
7 Ты, Хто горы паставіў сілаю Сваёю, магутнасьцю аперазаны,
8 Хто таймуе гул мораў, плёскат іхніх хваляў, і бунт народаў!
9 І забаяцца азнакаў Тваіх жыхары ўсіх канцоў зямлі. І ранак і вечар абудзіш на славу Тваю.
10 Ты наведваеш сушу і спатольваеш смагу яе, шчодра яе ўзбагачаеш: паток Божы поўны вады; Ты яе збожжа гатуеш, бо так яе зладзіў;
11 Ты поіш барозны яе, раўняеш камлыгі яе, пульхніш яе кроплямі дажджу, дабраслаўляеш расьліннасьць яе;
12 вянчаеш лета даброці Тваёй, і сьцежкі Твае кроплямі тлушчу цякуць;
13 цякуць на пустэльныя пашы, і пагоркі радасьцю апяразваюцца,
14 лугі апранаюцца ў статкі, і даліны ўкрываюцца збажыною, гукаюць яны і сьпяваюць.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Псалтыр, 64 псальма

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу праваўладальнікаў.
© 2002