Біблія » Пераклады » Пераклад Васіля Сёмухі

Псалтыр 142 142 псальма

1 Псальма Давіда, калі яго перасьледаваў сын ягоны Авэсалом. Госпадзе, пачуй малітву маю, уваж маленьню майму па праўдзе Тваёй; пачуй мяне па праўдзе Тваёй
2 і не ўваходзь у суд з рабом Тваім, бо не апраўдаецца прад Табою ніводзін жывы.
3 Вораг перасьледуе душу маю, затаптаў у зямлю жыцьцё маё, прымусіў мяне жыць у цемры, як даўно памерлых,
4 і засмуціўся ўва мне дух мой, зьнямела ўва мне сэрца маё.
5 Прыгадваю дні мінулыя, думаю пра ўсе дзеі Твае, разважаю пра дзеі рук Тваіх,
6 працягваю да Цябе рукі мае; душа мая — да Цябе, як перасохлая зямля.
7 Хутчэй пачуй мяне, Госпадзе: дух мой зьнемагае; не хавай аблічча Твайго ад мяне, каб я не спадобіўся тым, што ў магілу ідуць.
8 Дай мне рана пачуць ласку Тваю, бо я на Цябе спадзяюся. Пакажы мне, Госпадзе, дарогу, па якой мне ісьці, бо да Цябе я ўзношу душу маю.
9 Вызвалі мяне, Госпадзе, ад ворагаў маіх; да Цябе прыбягаю.
10 Навучы мяне выконваць волю Тваю, бо Ты — Бог мой; Дух Твой добры вядзе мяне ў зямлю праўды.
11 Дзеля імя Твайго, Госпадзе, ажыві мяне; дзеля праўды Тваёй выведзі зь нягоды душу маю
12 і зь літасьці Тваёй зьлічы ворагаў маіх, і загубі ўсіх, што ўціскаюць душу маю, бо я — Твой раб.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Псалтыр, 142 псальма

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу праваўладальнікаў.
© 2002