Біблія » Пераклады » Пераклад Васіля Сёмухі

Псалтыр 117 117 псальма

1 Алілуя. Слаўце Госпада, бо Ён добры, бо вечная ласка Ягоная.
2 Хай скажа сёньня дом Ізраілеў: Ён добры, бо вечная ласка Ягоная.
3 Хай скажа сёньня дом Ааронаў: Ён добры, бо вечная ласка Ягоная.
4 Хай скажуць сёньня, хто баіцца Госпада: Ён добры, бо вечная ласка Ягоная.
5 З уціску паклікаў я Госпада, і пачуў мяне, і на шырокае месца вывеў мяне Гасподзь.
6 Гасподзь за мяне — не збаюся: што зробіць мне чалавек?
7 Гасподзь мне памочнік: буду глядзець на ворагаў маіх.
8 Лепей спадзявацца на Госпада, чым спадзявацца на чалавека.
9 Лепей спадзявацца на Госпада, чым спадзявацца на князёў.
10 Усе народы абступілі мяне, але імем Гасподнім я іх скінуў;
11 Абступілі мяне, атачылі мяне; але імем Гасподнім я іх скінуў.
12 Абселі мяне, як пчолы соты, і пагасьлі, як вагонь у цёрне; імем Гасподнім я іх скінуў.
13 Моцна штурхнулі мяне, каб я ўпаў; але Гасподзь падтрымаў мяне.
14 Гасподзь сіла мая і песьня; Ён зрабіўся выратаваньнем маім.
15 Голас радасьці і выратаваньня ў жытлішчах праведнікаў; правіца Гасподняя творыць сілу!
16 Правіца Гасподняя высока, правіца Гасподняя творыць сілу!
17 Не памру, а жыць буду і абвяшчацьму дзеі Гасподнія.
18 Строга пакараў мяне Гасподзь, але сьмерцю мяне не скараў.
19 Адчынеце мне браму праўды: увайду ў яе, праслаўлю Госпада,
20 вось брама Госпада, праведныя ўвойдуць у яе.
21 Слаўлю Цябе, што Ты пачуў мяне і зрабіўся ратункам маім.
22 Камень, які адкінулі будаўнікі, зрабіўся галавою вугла.
23 Гэта — ад Госпада, і гэта дзівосна ў нашых вачах.
24 Гэты дзень стварыў Гасподзь: парадуемся і ўзьвесялімся ў дзень гэты!
25 О, Госпадзе, выратуй! О, Госпадзе, пашчасьці!
26 Дабраславёны, хто ідзе ў імя Гасподняе! Дабраслаўляем вас з дома Гасподняга.
27 Бог — Гасподзь, і апраменіў нас; зьвяжэце шнурамі ахвяру, вядзеце да нарожнікаў ахвярніка.
28 Ты — Бог мой: славіць буду Цябе; Ты — Бог мой: славіць буду Цябе, (славіць буду Цябе, бо Ты пачуў мяне і зрабіўся маім ратаваньнем).
29 Слаўце Госпада, бо Ён добры, бо вечная ласка Ягоная.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Псалтыр, 117 псальма

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу праваўладальнікаў.
© 2002