1 Малітва Майсея, чалавека Божага.
2 Госпадзе! Ты нам прыстанішча з роду ў род.
3 Перш чым нарадзіліся горы, і Ты стварыў зямлю і сусьвет, і ад веку да веку Ты — Бог.
4 Ты вяртаеш чалавека ў тло, і кажаш: вярнецеся, сыны чалавечыя!
5 Бо прад вачыма Тваімі тысяча гадоў, як дзень учарашні, калі ён прыйшоў, як варта начная.
6 Ты быццам паводкаю зносіш іх; яны — як сон, як трава, што раніцаю вырастае, раніцаю цьвіце і зелянее, увечары вяне і сохне;
7 бо мы зьнікаем ад гневу Твайго, і ад лютасьці Тваёй мы разгубленыя.
8 Ты паклаў прад Сабою правіны нашыя і нашы тайноты ў сьвятло аблічча Твайго.
9 Усе дні нашыя прайшлі ў гневе Тваім; мы трацім гады нашыя, нібы гук.
10 Дзён гадоў нашых — семдзесят гадоў; а пры большай моцы восемдзесят гадоў; а самая лепшая іх пара — праца і хвароба, бо праходзяць хутка, і мы ляцім.
11 Хто ведае сілу гневу Твайго, і лютасьць Тваю па меры страху Твайго?
12 Навучы нас так лічыць нашыя дні, каб нам мудрае сэрца набыць.
13 Павярніся, Госпадзе! Дакуль? Умілажалься з рабоў Тваіх,
14 раніцай насыці нас міласэрнасьцю Тваёю, і мы будзем радавацца і весяліцца ўсе дні нашыя.
15 Разьвесялі нас за дні, калі Ты пабіваў нас, за леты, калі мы бачылі нягоды.
16 Хай выявіцца на рабах Тваіх дзея Твая, і на сынах іхніх — слава Твая;
17 і хай будзе добрая воля Госпада Бога нашага на нас, і ў дзеях рук нашых пасабляй нам, у дзеях рук нашых пасабляй.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Псалтыр, 89 псальма

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу праваўладальнікаў.
© 2002