1 Малітва Майсея, чалавека Божага.
2 Госпадзе, Ты стаў нам прыстанішчам з роду ў род.
3 Перш як паўсталі горы, і былі створаныя зямля і сусьвет, і ад веку і да веку Ты ёсьць.
4 Не аддай чалавека на паніжэньне; Ты ж сказаў: «Навярніцеся, сыны чалавечыя!»
5 Бо тысяча гадоў у вачах Тваіх, быццам дзень учарашні, што прамінуў, і як варта начная.
6 Марныя будуць гады іх. Раніца іх праміне, як трава: зранку закрасуе і адцьвіце, вечарам ападзе, завяне і ссохне.
7 Бо мы змарнелі ад гневу Твайго і ад абурэньня Твайго сумеліся.
8 Ты паклаў беззаконьні нашыя перад Табою, век наш — у сьвятле твару Твайго.
9 Бо ўсе дні нашыя прамінулі, і ад гневу Твайго мы гінем: гады нашыя снуюцца, быццам павуціньне.
10 Дні веку нашага — усяго семдзесят гадоў, а калі ў сілах — восемдзесят гадоў, і большасьць іх цяжкасьці і турботы: бо вось слабасьць прыйшла на нас — і гэта нам будзе навукаю.
11 Хто ведае сілу гневу Твайго і ў страху перад Табою можа зьмераць лютасьць Тваю?
12 Дык вось дай мне пазнаць правіцу Тваю і навучы сэрца кіравацца мудрасьці.
13 Павярніся, Госпадзе! Як доўга яшчэ? Суцеш слугаў Тваіх!
14 Мы напоўніліся зранку міласьцю Тваёю, і ўсьцешыліся, і ўзрадаваліся.
15 Будзем цешыцца праз усе дні жыцьця нашага за дні, калі Ты нас упакорыў, за гады, калі мы бачылі злое!
16 І глянь на слугаў Тваіх і на творы Твае, і будзь правадніком для сыноў іх.
17 І хай будзе сьветласьць Госпада Бога нашага на нас; і накіруй нам на дабро працу рук нашых, накіруй на дабро працу рук нашых.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Псалтыр Давіда, псальм 89
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.