1 Хвала Давіда. Буду ўзьвялічваць Цябе, Божа мой, Уладару мой, і буду бласлаўляць імя Тваё вечна і на век вякоў.
2 Кожны дзень буду бласлаўляць Цябе і славіць імя Тваё на век і на век вякоў.
3 Вялікі Госпад і вельмі праслаўлены, і няма межы велічы Яго.
4 Пакаленьне за пакаленьнем будуць славіць творы Твае і магутнасьць Тваю абвяшчаць.
5 Будуць яны казаць пра пышнасьць славы сьвятасьці Тваёй і пра цуды Твае расказваць;
6 і скажуць пра моц страшных учынкаў Тваіх, і ведамай зробяць веліч Тваю,
7 прыгадаюць мноства доказаў дабрыні Тваёй, справядлівасьці Тваёй узрадуюцца.
8 Госпад спагадлівы і ласкавы, доўгацярплівы і шматміласэрны.
9 Госпад добры для ўсіх, і спагада Яго на ўсіх творах Яго.
10 Хай усе творы Твае, Госпадзе, славяць Цябе, і сьвятыя Твае хай бласлаўляюць Цябе.
11 Будуць яны казаць пра славу Твайго валадарства і апавядаць пра магутнасьць Тваю,
12 каб зрабіць вядомай сынам людзкім сілу Тваю і хвалу велічы Твайго валадарства.
13 Валадарства Тваё — валадарства ўсіх вякоў, і панаваньне Тваё ва ўсякім родзе і родзе. Госпад верны ва ўсіх словах сваіх і сьвяты ва ўсіх творах сваіх.
14 Госпад падтрымлівае ўсіх, што падаюць, і падымае ўсіх паваленых.
15 Вочы ўсіх да Цябе зьвяртаюцца з надзеяю, і Ты даеш ім страву ў свой час,
16 адкрываеш руку Тваю і напаўняеш усё жывое задавальненьнем.
17 Госпад справядлівы на ўсіх шляхах сваіх і сьвяты ва ўсіх учынках сваіх.
18 Госпад блізкі да тых, што клічуць Яго — да ўсіх, што клічуць Яго шчыра.
19 Ён споўніць жаданьне тых, што баяцца Яго, і выслухае малітву іх, і збавіць іх.
20 Госпад ахоўвае ўсіх, што любяць Яго, а ўсіх грэшнікаў выгубіць.
21 Вусны мае будуць абвяшчаць хвалу Гасподнюю, і ўсякае цела хай бласлаўляе імя сьвятое Яго на век і на век вякоў.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Псалтыр Давіда, псальм 144

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.