1 Псалом Давіда, Агея і Захара. Буду дзякаваць Табе, Госпадзе, ад усяго сэрца майго і перад анёламі буду апяваць Цябе, бо Ты выслухаў усе словы вуснаў маіх;
2 пакланюся пачэснаму храму Твайму і буду дзякаваць імю Твайму за міласьць Тваю і праўду Тваю, бо Ты над усё ўзьвялічыў сьвятое імя Тваё.
3 У дзень, калі буду клікаць Цябе, хутка выслухай мяне: Ты надзеліш мяне ў душы маёй сілаю Тваёю.
4 Хай усе ўладары зямныя дзякуюць Табе, Госпадзе, бо яны пачулі ўсе словы вуснаў Тваіх,
5 і хай пяюць на шляхах Гасподніх, бо вялікая слава Гасподняя.
6 Бо высокі Госпад, а сьціплае бачыць і высокае пазнае здалёку.
7 Калі пайду сярод пакутаў, Ты ажывіш мяне. На гнеў ворагаў маіх Ты працягнуў руку Тваю, і правая рука Твая выратавала мяне.
8 Госпад адплаціць за мяне. Міласэрнасьць Твая, Госпадзе, давеку: не пагардзі творамі рук Тваіх.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Псалтыр Давіда, псальм 137
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.