1 Псалом Давіда ў чацьверты дзень тыдня. Бог помсты, Госпад, Бог помсты аб’явіўся.
2 Узьніміся, Ты, што судзіш зямлю, дай пыхлівым адплату!
3 Як доўга грэшнікі, Госпадзе, як доўга грэшнікі будуць выхваляцца,
4 гаварыць і казаць няправеднае, як доўга будуць гаварыць усе тыя, што чыняць беззаконьне?
5 Яны ўнізілі народ Твой, Госпадзе, і апаганілі набытак Твой,
6 удаву і сірату ўмярцьвілі і прыхадня забілі.
7 І казалі: «Госпад ня ўбачыць і не дазнаецца Бог Якуба».
8 Апамятайцеся, бяздумныя сярод людзей, і вы, неразумныя, калі зразумееце?
9 Ці ж Той, хто стварыў вуха, ня чуе? Або Той, хто вока стварыў, ня бачыць?
10 Ці ж не папракне Той, хто настаўляе народы, хто вучыць чалавека розуму?
11 Госпад ведае думкі людзей, што яны марныя.
12 Шчасьлівы чалавек, якога Ты, Госпадзе, наставіш і закону Твайго навучыш яго,
13 каб даць яму супачыць ад лютых дзён, пакуль выкапаюць грэшніку яму.
14 Бо Госпад не адкіне народу свайго і не пакіне свайго набытку,
15 пакуль у суд ня вернецца справядлівасьць і ўсе праведныя сэрцам, што прытрымліваюцца яе.
16 Хто ўстане для мяне супраць злыдняў? Або хто стане са мною супраць тых, што чыняць беззаконьне?
17 Калі б Госпад не дапамог мне, хутка душа мая была б у апраметнай.
18 Калі я казаў: «Нага мая пахіснулася», міласьць Твая, Госпадзе, дапамагала мне.
19 Госпадзе, пры мностве пакутаў маіх у сэрцы маім суцяшэньні Твае радавалі душу маю.
20 Хай ня будзе побач з Табою пасаду беззаконьня, што чыніць перашкоду наказу Твайму.
21 Яны будуць паляваць на душу праведніка і асудзяць нявінную кроў.
22 Але Госпад стаў мне прыстанішчам і мой Бог — памочнікам надзеі маёй.
23 І Госпад дасьць ім адплату за беззаконьне іх, за злосьць іх выгубіць іх Госпад Бог.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Псалтыр Давіда, псальм 93

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.