1 Псалом Давіда. Госпадзе, я клікаў Цябе: выслухай мяне; будзь уважлівы да голасу маленьня майго, калі я клічу Цябе.
2 Хай малітва мая ўзыдзе да Цябе, быццам кадзіла, і ахвярай вячэрняй будзе ўздыманьне рук маіх.
3 Пастаў, Госпадзе, варту вуснам маім і дзьверы для аховы губ маіх.
4 Ня дай ухіліцца сэрцу майму да злачынных словаў для апраўданьня ў грахах з людзьмі, якія чыняць беззаконьне, і каб мне ня быць заадно з выбранымі іх.
5 Праведнік будзе па-добраму навучаць і дакараць мяне, але алей грэшніка хай не намасьціць галавы маёй; дый малітва мая хай ня будзе даспадобы ім.
6 Судзьдзі іх былі праглынутыя каля скалы; яны пачуюць словы мае, бо яны лагодныя.
7 Як глыба зямлі раздрабляецца на зямлі, так косьці іх параскіданыя па апраметнай.
8 Бо да Цябе, Госпадзе, Госпадзе, зьвернутыя вочы мае; на Цябе спадзяюся: не адымі душы маёй.
9 Сьцеражы мяне ад сеці, што на мяне паставілі, ад пасткі тых, што чыняць беззаконьне.
10 Грэшнікі ўпадуць у сець сваю; я адзін застаюся, пакуль не перайду.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Псалтыр Давіда, псальм 140

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.