1 Навука Асафа. Чаму Ты, Божа, зусім нас адкінуў? Загарэўся гнеў Твой на авечак паствы Тваёй.
2 Прыгадай грамаду Тваю, якую Ты прыдбаў спачатку, выкупіў жазло набытку Твайго, тую гару Сыён, на якой Ты пасяліўся.
3 Падымі рукі Твае на зазнайства іх да канца: колькі зла ўчыніў вораг у сьвятыні Тваёй!
4 А тыя, што ненавідзяць Цябе, выхваляліся сярод сьвята Твайго, паставілі сьцягі свае, як знакі, —
5 і ні на што не зважалі — пры выхадзе высока;
6 быццам у лясным гушчары, яны вырубілі ўсе брамы яе, сякерай і молатам разьбілі яе,
7 спалілі агнём сьвятыню Тваю да зямлі, апаганілі месца, дзе жыве імя Тваё.
8 Сказалі разам сваякі іх у сэрцы сваім: «Хадзем, адменім усе сьвяты Гасподнія на зямлі!»
9 Сьцягоў нашых мы ня бачылі, няма ўжо прарока, і нас Ён больш ведаць ня будзе.
10 Дакуль, Божа, вораг будзе зьневажаць? Ці ж праціўнік да канца будзе раздражняць імя Тваё?
11 Чаму адхіляеш руку Тваю і правіцу Тваю ад сярэдзіны лона Твайго ўвесь час?
12 Але Бог — Уладар наш спаконвеку, Ён учыніў збаўленьне пасярод зямлі.
13 Ты ўсталяваў мора сілаю сваёю, скрышыў галовы зьмеяў у вадзе.
14 Ты раздрабіў галаву зьмяі, даў яе на спажыву людзям этыёпскім.
15 Ты разарваў крыніцы і струмені, Ты высушыў паўнаводныя рэкі.
16 Твой дзень і Твая ноч. Ты стварыў сонца і месяц.
17 Ты вызначыў усе межы зямлі, лета і вясну ўстанавіў Ты.
18 Прыгадай вось гэта: вораг зьняважыў Госпада, і бяздумны народ зьняславіў імя Тваё.
19 Не аддай зьвярам душу, што праслаўляе Цябе, не забудзь душаў убогіх Тваіх да канца.
20 Глянь на запавет Твой, бо змрочныя месцы зямлі сталі поўнымі дамоў беззаконьня.
21 Хай упакораны і пасаромлены ня будуць адкінутыя; бедны і ўбогі будуць хваліць імя Тваё.
22 Устань, Божа, судзі справу Тваю, прыгадай ганьбаваньне Цябе ад бяздумнага ўвесь дзень.
23 Не забудзь голасу тых, што моляць Цябе: пыхлівасьць тых, што ненавідзяць Цябе, увесь час узрастае.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Псалтыр Давіда, псальм 73
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.