1 Алілуя! Агея і Захара. Хваліце Госпада, бо добрая рэч псалмасьпеў: хай усхваленьне будзе салодкім Богу нашаму.
2 Госпад, які будуе Ерусалім, зьбярэ і расьцярушаных Ізраіля.
3 Ён той, хто лечыць разьбітых сэрцам і перавязвае раны іх;
4 Ён той, хто вядзе лік мноству зорак, дае кожнай імя сваё.
5 Вялікі Госпад наш, і вялікая сіла Яго, і няма меры розуму Яго.
6 Госпад узьнімае лагодных, а грэшнікаў прыніжае да зямлі.
7 Пачніце падзякаю Госпаду, зайграйце на гусьлях Богу нашаму,
8 які пакрывае неба хмарамі, рыхтуе дождж для зямлі, вырошчвае траву ў горах і збожжа на ўжытак людзям;
9 які дае жывёле спажыву іх і птушанятам воранаў, што клічуць Яго.
10 Ня сілаю каня любуецца Ён і ня хуткія ногі мужа Яму даспадобы:
11 Госпад спрыяе тым, што баяцца Яго, і ўсім, што спадзяюцца на міласэрнасьць Яго.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Псалтыр Давіда, псальм 146

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.