1 Кіраўніку хору. На Гэфскіх прыладах (на тачылах). Псалом. Сыном Карэевым.
2 Якія любыя сялібы Твае, Госпадзе сілаў!
3 Душа мая зьнемагае і тужыць па дварах Гасподніх, сэрца маё і цела маё ўзрадаваліся ў Богу жывым.
4 Бо і верабей знайшоў сабе жыльлё, і туркаўка гняздо сабе, дзе пакласьці птушанятаў сваіх, — алтары Твае, Госпадзе сілаў, Уладару мой і Божа мой.
5 Шчасьлівыя тыя, што жывуць у доме Тваім, павек вякоў будуць яны славіць Цябе.
6 Шчасьлівы муж, якому дапамога яго ёсьць у Цябе: у сэрцы сваім ён наважыўся на ўзыход
7 далінаю плачу да месца, якое Бог прызначыў, бо за гэта Заканадавец дасьць блаславеньне.
8 Пойдуць яны ад сілы да сілы, Бог багоў явіцца ў Сыёне.
9 Госпадзе, Божа сілаў, выслухай малітву маю, пачуй, Божа Якуба!
10 Заступнік наш, Божа, азірніся і глянь на твар памазаньніка Твайго!
11 Сапраўды, адзін дзень у дварах Тваіх лепшы за тысячы; жадаю лепш быць нязначным у доме Бога майго, як жыць у палатках грэшнікаў.
12 Бо Госпад любіць міласьць і праўду, Бог дае ласку і славу. Госпад не пазбавіць дабротаў тых, што ў нявіннасьці ходзяць.
13 Госпадзе, Божа сілаў, шчасьлівы чалавек, які на Цябе спадзяецца.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Псалтыр Давіда, псальм 83

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.