1 Псалом Давіда. Госпад пануе: хай злуюцца народы! Ён сядзіць на хэрувімах: хай ускалыхнецца зямля!
2 Госпад на Сыёне вялікі і высокі над усімі людзьмі.
3 Хай дзякуюць імю Твайму вялікаму, бо яно страшнае і сьвятое.
4 А гонар уладара — любіць суд. Ты ўмацаваў праведнасьць, учыніў суд і справядлівасьць у Якубе.
5 Узьвялічвайце Госпада Бога нашага і пакланяйцеся падножжу ног Яго, бо Ён сьвяты!
6 Майсей і Аарон сярод сьвятароў Яго, і Самуіл сярод тых, што клічуць імя Яго. Яны клікалі Госпада, і Ён выслухоўваў іх.
7 У воблачным стаўпе Ён прамаўляў да іх, а яны захоўвалі сьведчаньні Яго і наказы Яго, якія Ён ім даў.
8 Госпадзе, Божа наш, Ты выслухоўваў іх; Ты, Божа, быў міласьцівы для іх і аддаваў належнае за ўсе ўчынкі іх.
9 Узьвялічвайце Госпада Бога нашага і пакланяйцеся ў бок гары сьвятой Яго, бо Госпад Бог наш сьвяты!
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Псалтыр Давіда, псальм 98

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.