1 Псалом Давіда пра Галіята. Блаславёны Госпад Бог мой, які прывучае рукі мае да бою, а пальцы мае да вайны.
2 Ён — мая міласьць і мой прытулак, мой заступнік і Збаўца мой, мой абаронца, і на Яго я ўсклаў надзею. Ён той, хто аддае мой народ мне пад уладу.
3 Госпадзе, што ёсьць чалавек, што Ты даў яму пазнаць Цябе, або сын чалавечы, што Ты думаеш пра яго?
4 Чалавек да марнасьці падобны: дні яго, як цень, прамінаюць.
5 Госпадзе, нахілі нябёсы і зыдзі, дакраніся да гораў, і яны задымяць.
6 Блісьнеш маланкаю — і разгоніш іх; пусьціш стрэлы Твае — і ўстрывожыш іх.
7 Працягні руку Тваю з вышыні, збаў мяне і выратуй мяне ад водаў вялікіх, ад рукі сыноў чужынцаў,
8 вусны якіх гаварылі пустое, а правая рука якіх — рука няправеднасьці.
9 Песьню новую засьпяваю Табе, Божа, на дзесяціструнным псалтыры зайграю Табе,
10 які даеш уладарам перамогу і ратуеш Давіда, слугу Твайго, ад лютага мяча.
11 Вызвалі мяне і выратуй мяне ад рукі сыноў чужынцаў, вусны якіх гаварылі марнае, а правая рука якіх — рука няправеднасьці.
12 Сыны іх быццам саджанцы, што іх насадзілі маладымі; дочкі іх прыбраныя, падобна як храм упрыгожаныя;
13 гумны іх поўныя ад краю да краю; авечкі іх шматплодныя, множацца на выганах іх; укормленыя валы іх;
14 няма паваленай загарадзі, ні пераходу, ні крыку на плошчах іх.
15 Шчасьлівым завуць народ, у якога так ёсьць; насамрэч шчасьлівы народ, у якога Госпад — Бог яго.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Псалтыр Давіда, псальм 143

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.