1 Малітва Давіда. Выслухай, Госпадзе, праўду маю, уваж просьбу маю, нахілі вуха да малітвы маёй ня з вуснаў лісьлівых.
2 Ад твару Твайго хай выйдзе суд мой, вочы мае хай убачаць праведнасьць.
3 Ты дасьледаваў сэрца маё, наведаў уночы, выпрабаваў мяне як агнём, і не знайшлося ўва мне няправеднасьці.
4 Каб вусны мае не гаварылі пра справы людзкія, я, згодна са словамі вуснаў Тваіх, трымаўся цьвёрдых шляхоў.
5 Умацуй мае крокі на сьцежках Тваіх, каб не пахіснуцца нагам маім.
6 Я клікаў, каб Ты, Божа, пачуў мяне: нахілі вуха Тваё да мяне і выслухай словы мае.
7 Пакажы Тваю дзівосную міласьць — Ты, які ратуеш тых, што спадзяюцца на Цябе, ад тых, што супраціўляюцца правіцы Тваёй.
8 Сьцеражы мяне як зрэнку вока: Ты пакрыеш мяне покрывам крылаў Тваіх
9 ад твару бязбожных, што нападаюць на мяне. Ворагі мае атачылі душу маю,
10 яны замкнуліся ў тлушчы сваім, вусны іх ганарыста гаварылі.
11 Цяпер тыя, што напалі на мяне, абступілі мяне, вочы свае скіравалі, каб кінуць мяне вобзем;
12 яны сачылі за мною, як леў, гатовы да ловаў, і як ільвяня, што жыве ў схованцы.
13 Устань, Госпадзе, апярэдзь іх і павалі іх, вызвалі душу маю ад бязбожных, меч Твой — ад ворагаў рукі Тваёй.
14 Госпадзе, тых нешматлікіх, аддзялі іх за жыцьцё іх. Страўнік іх напоўніўся са сховішчаў Тваіх; яны здаволіліся сьвінінаю і рэшткі пакінулі маленькім сваім.
15 А я ў праведнасьці яўлюся перад тварам Тваім, здаволюся, калі мне явіцца слава Твая.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Псалтыр Давіда, псальм 16

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.