1 Псалом Давіда, калі ён прыкінуўся неразумным перад Абімэлехам, і той адпусьціў яго, і ён адышоў.
2 Увесь час бласлаўляць буду Госпада: хвала Яго заўжды на вуснах маіх.
3 Госпадам будзе хваліцца душа мая: хай пачуюць лагодныя і ўзрадуюцца.
4 Узьвялічвайце Госпада са мною, і будзем разам узносіць імя Яго.
5 Я шукаў Госпада, і Ён пачуў мяне, і ад усіх бедаў выратаваў мяне.
6 Прыступіце да Яго і прасьвятліцеся, і твары вашыя ня будуць пасаромленыя.
7 Вось убогі ўсклікнуў, і Госпад пачуў яго, і ад усіх бедаў выбавіў яго.
8 Анёл Гасподні стане вакол тых, што баяцца Яго, і выратуе іх.
9 Пакаштуйце і ўбачыце, што Госпад добры: шчасьлівы чалавек, які на Яго спадзяецца.
10 Бойцеся Госпада, усе сьвятыя Яго, бо тыя, што Яго баяцца, ня церпяць нястачы.
11 Багатыя зьбяднелі і згаладаліся, а тыя, што шукаюць Госпада, ня будуць пазбаўленыя ніякага дабра.
12 Хадзіце, дзеткі, паслухайце мяне: страху Гасподняму навучу вас.
13 Хто той чалавек, што жадае жыцьця і што рады бачыць шчасьлівыя дні?
14 Устрымай ад злога язык твой і вусны твае, каб не казаць хітрасьцяў.
15 Ухіляйся ад злога і чыні дабро, шукай супакою і імкніся да яго.
16 Вочы Госпада спачываюць на праведных, і вушы Яго чуюць малітву іх.
17 А твар Госпада на тых, што чыняць благое, каб вынішчыць памяць пра іх на зямлі.
18 Усклікнулі праведнікі, і Госпад пачуў іх, і ад усіх бедаў іх выратаваў іх.
19 Блізкі Госпад да скрушлівых сэрцам, пакорных духам Ён выбаўляе.
20 Шмат бедаў у праведнікаў, і ад усіх іх ратуе іх Госпад.
21 Ён сьцеражэ ўсе косьці іх: ніводная з іх ня скрышыцца.
22 Сьмерць грэшнікаў лютая, і грашаць тыя, што ненавідзяць праведніка.
23 Госпад вызваліць душы слугаў сваіх, і не памыляцца ўсе тыя, што на Яго спадзяюцца.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Псалтыр Давіда, псальм 33

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.