1 Алілуя! Хваліце імя Гасподняе, хваліце, слугі, Госпада,
2 вы, што стаіце ў доме Гасподнім, у дварах дому Бога нашага.
3 Хваліце Госпада, бо Госпад добры; сьпявайце імю Яго, бо гэта гожа;
4 бо Госпад абраў сабе Якуба, Ізраіля абраў на ўласнасьць сабе;
5 бо я ўведаў, што Госпад вялікі і што Госпад наш вышэйшы за ўсіх багоў.
6 Госпад стварыў усё, што схацеў, у небе і на зямлі, у моры і ўва ўсіх безданях.
7 Гэта Ён, які ўздымае хмары ад канцоў зямлі, у дождж маланкі чыніць; выводзіць вятры са сховішчаў сваіх;
8 які паразіў першынцаў ягіпецкіх ад чалавека да жывёлы.
9 Ён паслаў знакі і цуды пасярод цябе, Ягіпет, супраць фараона і ўсіх слугаў яго.
10 Гэта Ён, які пабіў шмат народаў і пазабіваў моцных каралёў —
11 Сыгона, караля амарэйскага, і Ога, караля васанскага, і ўсе каралеўствы хананейскія —
12 і даў зямлю іх у спадчыну, у спадчыну Ізраілю, народу свайму.
13 Госпадзе, імя Тваё давеку і памяць пра Цябе ў родзе і родзе.
14 Бо Госпад будзе судзіць народ свой і ў слугах сваіх суцешыцца.
15 Ідалы паганаў — срэбра і золата, творы рук чалавечых:
16 вусны маюць і не загавораць; вочы маюць і не пабачаць;
17 вушы маюць і не пачуюць; і няма дыханьня ў вуснах іх.
18 Хай стануць падобнымі да іх тыя, што іх робяць, і ўсе, што спадзяюцца на іх.
19 Дом Ізраіля, блаславіце Госпада! Дом Аарона, блаславіце Госпада! Дом Левія, блаславіце Госпада!
20 Вы, што баіцеся Госпада, блаславіце Госпада!
21 Блаславёны Госпад ад Сыёну, што жыве ў Ерусаліме!
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Псалтыр Давіда, псальм 134

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.