1 Алілуя! Дзякуйце Госпаду і клічце імя Яго, абвяшчайце сярод народаў дзеі Яго!
2 Сьпявайце Яму і грайце на гусьлях Яму, расказвайце пра ўсе цуды Яго!
3 Хваліцеся сьвятым імем Яго: хай узрадуецца сэрца тых, што шукаюць Госпада!
4 Шукайце Госпада і дужэйце, заўжды шукайце аблічча Яго!
5 Прыгадайце дзівосныя дзеі Яго, якія Ён учыніў, цуды Яго і суды вуснаў Яго.
6 Семя Абрагама — слугі Яго; сыны Якуба — абраньнікі Яго.
7 Ён — Госпад Бог наш, па ўсёй зямлі суды Яго.
8 Ён вечна памятае пра свой запавет — слова, якое даў для тысячы пакаленьняў,
9 якое завяшчаў Абрагаму, — і пра клятву сваю Ісааку.
10 І Ён паставіў яе, як закон для Якуба і як вечны запавет для Ізраіля,
11 кажучы: «Дам табе зямлю Ханаанскую, удзел вашай спадчыны»,
12 калі яны былі яшчэ нешматлікімі, нязначнымі і прыхаднямі ў ёй.
13 І пераходзілі яны ад народу да народу і ад каралеўства да іншага народу.
14 Не дазваляў чалавеку крыўдзіць іх і караў каралёў за іх:
15 «Не кранайце Маіх памазаньнікаў і не рабіце крыўды Маім прарокам!»
16 І навёў на зямлю голад, зьнішчыў кожную сьцяблінку хлеба.
17 Паслаў перад імі чалавека: прадалі ў няволю Язэпа.
18 Закавалі ў кайданы ногі яго, у жалеза ўвайшла душа яго,
19 пакуль не прыйшло слова Яго: слова Гасподняе распаліла яго.
20 Кароль паслаў і вызваліў яго, князь народу — і выпусьціў яго;
21 паставіў яго гаспадаром дому свайго, распарадчыкам над усёй маёмасьцю сваёю,
22 каб ён настаўляў вяльможаў яго паводле волі сваёй і старэйшых яго навучаў мудрасьці.
23 І ўвайшоў Ізраіль у Ягіпет, Якуб пасяліўся на зямлі Хама.
24 І Ён вельмі размножыў народ свой, і зрабіў яго дужэйшым за ворагаў яго.
25 І перамяніў сэрца іх, каб узьненавідзелі народ Яго і крывадушна паступілі са слугамі Яго.
26 Паслаў Майсея, слугу свайго, і Аарона, якога выбраў сабе.
27 І ўклаў у іх словы знакаў сваіх і цудаў сваіх у краіне Хама.
28 Наслаў цемру, і стала цёмна, бо яны супрацівіліся слову Яго.
29 Перамяніў воды іх у кроў і вымарыў рыбу іх.
30 Зямля іх нарадзіла жабаў унутры харомаў каралёў іх.
31 Загадаў, і зьявіліся авадні і машкара ва ўсіх межах іх.
32 Паслаў, як дажджы, для іх град, агонь зьнішчальны на зямлю іх;
33 і пабіў вінаград іх, смакоўніцы іх, і паламаў усякае дрэва ў межах іх.
34 Сказаў, і наляцела саранча і вусені, якім не было ліку,
35 і зьелі яны ўсю траву ў краіне іх, і плады зямлі іх паелі.
36 І пабіў усё першароднае на зямлі іх, пачатак усіх высілкаў іх.
37 І вывеў іх са срэбрам і золатам, і не было нядужага ў каленах іх.
38 Усьцешыўся Ягіпет з іхняга выхаду, бо страх перад імі агарнуў яго.
39 Ён распасьцёр хмару, як покрыва ім, і агонь, каб сьвяціў ім уночы.
40 Прасілі яны, і наляцелі перапёлкі, і хлебам нябесным насыціў іх.
41 Раскалоў скалу, і пацяклі воды, рэкі пацяклі на бязводзьдзі.
42 Бо Ён прыгадаў сьвятое слова сваё Абрагаму, слугу свайму,
43 і вывеў у радасьці народ свой і ў весялосьці абраньнікаў сваіх.
44 І даў ім землі паганаў, і яны завалодалі пладамі працы іх,
45 каб захоўваць Яго пастановы і навучацца закону Яго.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Псалтыр Давіда, псальм 104
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.