1 Алілуя! Дзякуйце Госпаду, бо Ён добры, бо павек міласэрнасьць Яго;
2 дзякуйце Богу багоў, бо павек міласэрнасьць Яго.
3 Дзякуйце Уладару ўладароў, бо павек міласэрнасьць Яго;
4 дзякуйце адзінаму, хто чыніць вялікія цуды, бо павек міласэрнасьць Яго;
5 хто розумам нябёсы стварыў, бо павек міласэрнасьць Яго,
6 умацаваў зямлю на водах, бо павек міласэрнасьць Яго;
7 стварыў сьветачы вялікія, бо павек міласэрнасьць Яго:
8 сонца, каб кіравала днём, бо павек міласэрнасьць Яго,
9 месяц і зоркі, каб кіравалі ноччу, бо павек міласэрнасьць Яго;
10 хто паразіў Ягіпет з першароднымі іх, бо павек міласэрнасьць Яго,
11 і вывеў Ізраіля з-пасярод іх, бо павек міласэрнасьць Яго,
12 рукою моцнаю і плячом высокім, бо павек міласэрнасьць Яго;
13 разьдзяліў Чырвонае мора, бо павек міласэрнасьць Яго,
14 і перавёў Ізраіля пасярод яго, бо павек міласэрнасьць Яго,
15 і ўкінуў фараона і войска яго ў Чырвонае мора, бо павек міласэрнасьць Яго;
16 перавёў народ свой праз пустыню, бо павек міласэрнасьць Яго;
17 паразіў каралёў вялікіх, бо павек міласэрнасьць Яго,
18 і пазабіваў каралёў моцных, бо павек міласэрнасьць Яго:
19 Сіхона, караля амарэйскага, бо павек міласэрнасьць Яго,
20 і Ога, караля васанскага, бо павек міласэрнасьць Яго;
21 і аддаў зямлю іх у спадчыну, бо павек міласэрнасьць Яго,
22 у спадчыну Ізраілю, слугу свайму, бо павек міласэрнасьць Яго.
23 Бо Госпад прыгадаў нас у нашым паніжэньні, бо павек міласэрнасьць Яго,
24 і выбавіў нас ад ворагаў нашых, бо павек міласэрнасьць Яго.
25 Ён дае спажыву кожнаму целу, бо павек міласэрнасьць Яго.
26 Дзякуйце Богу нябеснаму, бо павек міласэрнасьць Яго.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Псалтыр Давіда, псальм 135
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.