Біблія » Пераклады » Пераклад Л. Дзекуць-Малея

Псальмы 135 Псальм 135 (134)

1 Альлілуя!
Слаўце імя Госпада, слаўце, рабы Госпадавы,
2 што стаіцё ў сьвятыні Гасподняй, у панадворку дому Бога нашага!
3 Хвалеце Госпада, бо Госпад добры; сьпявайце іменьню Яго, бо яно мілае.
4 Бо Госпад выбраў сабе Якуба, Ізраіля — на ўласнасьць сабе.
5 Бо ведаю я, што Госпад вялікі, і наш Валадар вышэй за ўсіх багоў.
6 Усё, што Яму даспадобы, творыць Госпад на небе й зямлі, у моры й у ўсенькіх глыбінях.
7 Ён хмары ўзводзе ад краю зямлі, робіць дажджы і маланкі, вецер выводзе з скарбніцы Сваёй.
8 Ён першакоў пабіў у Эгіпце, ад чалавека і да скаціны.
9 Знакі і цуды табе Ён паслаў, Эгіпце, над фараонам і ўсімі рабамі яго.
10 Многа народаў пабіў і цароў магутных Ён скінуу:
11 Сыгона, цара Аморэйскага, і Ога, цара Базанскага, дый усе Канаанскія царствы.
12 І зямлю іх аддаў у валаданьне, у спадчыну народу Свайму Ізраілю.
13 Госпадзе, імя Тваё навекі! Госпадзе, памяць Твая з роду ў род!
14 Зробіць Госпад справядлівасьць народу Свайму і зьлітуецца над рабамі Сваімі.
15 Паганскія ідалы — срэбра ды золата, творы рук чалавечых;
16 ёсьць у іх вусны, ды не гавораць, ёсьць у іх вочы — й ня бачаць;
17 ёсьць у іх вушы — й ня чуюць, і духу няма ў вуснах іхніх.
18 Падобны да іх будуць тыя, што робяць іх, — кожын, хто на іх спадзяецца.
19 Вы, з дому Ізраіля, слаўце Госпада! Вы, з дому Ааронавага, слаўце Госпада!
20 Вы, з дому Левія, слаўце Госпада! Багаслаўце Госпада ўсе, што Госпада баіцёся!
21 Багаслаўлены Госпад з Сыону, што ў Ерузаліме жыве! Альлілуя!
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Кніга Псальмаў, псальм 135

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Public Domain

Public Domain — народны здабытак.
Лукаш Дзекуць-Малей, Антон Луцкевіч.
© 1931, 1948; у 1985, 1991 унесены праўкі.