1 Кіраўніку хору: сыноў Карэявых. Псальм.
2 Ты зьлітаваўся над зямлёй Тваёй, Госпадзе, Ты палон Якубавы вярнуў.
3 Ты зьняў віну з народу Твайго, дараваў ім усе грахі іхнія. (Зэля)
4 Ты зьдзяржаў Тваю ярасьць і гнеў Твой палючы адвярнуў.
5 Адбудуй Ты нас, Божа, Успамога наша, супыні абурэньне Тваё на нас.
6 Няўжо-ж навекі на нас будзеш гневацца і гнеў Твой пашырыш на пакаленьні патомныя?
7 Няўжо-ж не дасі нам аджыць нанова, каб народ Твой узрадаваўся ў Табе?
8 Дай нам, Госпадзе, ўбачыць ласку Тваю, даруй нам спасеньне Тваё!
9 Паслухаю я, што Госпад Бог кажа: Ён гаворыць аб супакоі для народу Свайго і для пабожных Сваіх, для тых, што сэрца сваё да Яго кіруюць. (Зэля)
10 Запраўды, блізка ўспамога Яго дзеля тых, што баяцца Яго, каб слава Божая на зямлі нашай залунала.
11 Ласка і праўда з сабой сустракаюцца, справядлівасьць і супакой цалуюцца.
12 Праўда вырастае із зямлі, а справядлівасьць з нябёсаў пазірае.
13 І абдорыць нас Госпад добрым, а зямля наша дасьць свой плод.
14 Ідзе справядлівасьць наперадзе Яго і стопы Ягоныя на шлях стаўляе.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Кніга Псальмаў, псальм 85
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.
Public Domain — народны здабытак.
Лукаш Дзекуць-Малей, Антон Луцкевіч.
© 1931, 1948; у 1985, 1991 унесены праўкі.