1 Кіраўніку хору: псальм Давідавы.
2 Нябёсы апавядаюць славу Божую, і прасторы выяўляюць творчасьць рук Ягоных.
3 Дзень дню наказуе вестку, і ночка ночцы яе адкрывае.
4 Няма мовы, няма слова, але чуцен голас іх.
5 Па ўсенькай зямлі гук іх разыходзіцца, а словы іхнія ажно па край сьвету. У ім Ён паставіў шацёр сонцу.
6 Яно падобнае да жаніха, што выходзе із спальні вясельнае, яно радае прабегчы, бы волат, свой кругабег.
7 Ад краю неба выходзе яно і бяжыць да краю свайго, і нішто ня ўкрыецца ад гарачыні яго.
8 Закон Гасподні дасканалы: ён душу пасілкуе. Аб’ява Гасподняя пэўная, яна прастака навучае.
9 Загады Госпада справядлівыя, яны радуюць сэрца; запаведзь Гасподняя прачыстая, яна вочы прасьвятляе.
10 Служэньне Госпаду чыстае, яно навекі трываціме; прысуды Гасподнія правільныя, яны ўсё справядлівыя.
11 Яны больш пажаданыя, чым золата — чыстае золата — і саладзейшыя за мёд і сок сотавы.
12 І раб Твой праз іх захаваны будзе; хто дзяржыцца іх, нагароду меціме вялікую.
13 Каму ўсьвядомлены ўсе памылкі яго? Ад тайных грахоў ачысьці Ты мяне!
14 Ды захавай раба Твайго ад самавольства: няхай яно над ім не запануе. Тады буду я беззаганны і чысты ад блуду вялікага.
15 Няхай словы вуснаў маіх і мысьлі сэрца майго будуць Табе даспадобы, Госпадзе, Скала мая і Спасе мой!

Каментары ці зноскі:

* Зэля — гэта знак музычны, быццам сгеsсеndо; ён паказуе, што музыка, якая ціха падыгрывае, павінна зайграць мацней і адзначыць гэтым канец адрыўку, або заканчэньне песьні.

Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Кніга Псальмаў, псальм 19

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Public Domain

Public Domain — народны здабытак.
Лукаш Дзекуць-Малей, Антон Луцкевіч.
© 1931, 1948; у 1985, 1991 унесены праўкі.