Біблія » Пераклады » Пераклад Л. Дзекуць-Малея

Псальмы 119 Псальм 119 (118)

Алеф

1 Шчасьлівыя тыя, што шлях у іх беззаганны, што ходзяць паводле закону Госпада.
2 Шчасьлівыя тыя, што пілнуюцца аб’яваў Ягоных, усім сэрцам шукаюць Яго,
3 крыўды ня робяць ды сьцежкамі ходзяць Ягонымі.
4 Ты загадаў Твае запаведзі, каб пільна іх выпаўнялі.
5 О, каб жа мой шлях вёў цьвёрда мяне, каб уставы Тваі я заховываў!
6 Тады-б ня меў я сораму, на ўсе запаведзі Твае узіраючыся.
7 Буду хваліць Цябе шчырым сэрцам, справядлівыя законы Тваі пазнаваючы.
8 Уставы Тваі я буду заховываць: не пакінь мяне Ты зусім!

Бэт

9 Чым дзяцюк сьцежку сваю захавае ў чыстасьці? Захоўваючы водле слова Твайго.
10 Усім сваім сэрцам шукаю я Цябе: ня дай мне адхіліцца ад запаведзяў Тваіх!
11 У сэрцы маім хаваю я слова Тваё, каб не зграшыць прад Табою.
12 Хвалю Цябе, Госпадзе; навучы мяне ўставаў Тваіх!
13 Вуснамі маімі абвяшчаю ўсе прысуды Тваіх вуснаў.
14 З шляху, што загаданы аб’явамі Тваімі, я радуюся, быццам з багацьця вялікага.
15 Аб запаведзях Тваіх разважаці буду й на шляхі Тваі пазіраці.
16 У Тваіх пастановах будзе ўцеха мая, слова Твайго нс забуду.

Гімэль

17 Рабі дабро рабу Тайму, каб жыў я, дык буду слова Твайго пілнавацца.
18 Расчыні мае вочы, каб бачыў я цуды закону Твайго!
19 Я госьць на зямлі; не хавай ад мяне Тваіх запаведзяў!
20 Зьнемаглася душа мая, імкнучыся ўсьцяж да ўставаў Тваіх.
21 Ты выклятым гардуном пагразіў, што ўхіляюцца ад загадаў Тваіх.
22 З мяне-ж зьнімі ганьбу й пагарду, бо хаваю загады Тваі.
23 Хоць заселі магнаты й змаўляюцца супраць мяне, аб уставах Тваіх Твой раб разважае.
24 Але, аб’явы Твае — мне ўцеха, загады Тваі мне парада.

Далет

25 Да пылу прыліпла душа мая; ажыві мяне водле слова Твайго.
26 Апавядаў я пра сьцежкі мае, і Ты мяне выслухаў; навучы мяне ўставаў Тваіх.
27 Дай зразумеці мне шлях, што запаведзі Твае вызначаюць, і я буду аб цудах Тваіх разважаць.
28 Сьлязамі сплывае душа мая ад тугі; узмацуй Ты мяне водле слова Твайго!
29 Шлях ілжы адвярні ад мяне і даруй мне закон Твой.
30 Я выбраў шлях праўды й уставы Тваі прад сабою паставіў.
31 Да аб’яваў Тваіх прыляпіўся я; ня дай, Госпадзе, мне асароміцца!
32 Шляхам запаведзяў Тваіх пабягу я, калі сэрца маё Ты пашырыш.

Ге

33 Навучы мяне, Госпадзе, шляху ўставаў Тваіх, каб я даканца яго захаваў.
34 Дай мне розум, і буду закон Твой захоўваць і спаўняці яго ўсім сэрцам.
35 Пастаў мяне на сьцежку запаведзяў Тваіх, бо ў гэтым уцеха мая.
36 Нахіляй маё сэрца да аб’яваў Тваіх, а не да карысьці.
37 Адвярні мае вочы, каб на марнасьць ня ўзіраліся; ажыўляй мяне на шляхох Тваіх!
38 Споўні слова Тваё рабу Твайму, што дадзена тым, хто баіцца Цябе.
39 Няхай абмінець мяне таньба, якое баюся, бо суды Тваі добрыя.
40 Запраўды, я жадаю загадаў Тваіх; ажыві мяне праўдай Тваёю.

Вав

41 Няхай прыйдзе ка мне Твая ласка, о Госпадзе, — збаўленьне Тваё водле слова Твайго,
42 каб я мог даць адказ таму, хто мяне зьневажае, бо на слова Тваё спадзяюся.
43 Не пазбаў мае вусны слова праўды зусім, бо я на прысуд Твой чакаю
44 і буду заўсёды закон Твой захоўваць, заўсёды й навекі,
45 ды буду хадзіць па прасторы шырокім, бо шукаў я загадаў Тваіх.
46 Аб аб’явах Тваіх прад царамі я буду казаці й не паўстыдаюся.
47 Уцеху мець буду ў запаведзях Тваіх, бо мне яны любы.
48 І ўздымаць буду рукі мае да запаведзяў Тваіх, што мне любы, ды аб уставах Тваіх разважаці.

Заін

49 Успомні Ты слова да раба Твайго, на якое сказаў спадзяваціся мне.
50 То-ж пацеха мая ў нядолі маёй, што слова Тваё ажыўляла мян.
51 Гордыя вельмі нада мною зьдзёкаваліся; я-ж ад закону Твайго ня ўхіляўся.
52 Успамінаў я, о Госпадзе, суды Тваі спрад вякоў, і гэта было мне пацехай.
53 гнеў палючы мяне агарнуў на бязбожных, што кідаюць закон Твой.
54 Уставы Тваі гімнам сталіся мне там, дзе жыву, як прыблуда.
55 Імя Тваё, Госпадзе, я ўначы ўспамінаў і закон Твой заховываў.
56 Гэта сталася мне, бо загадаў Тваіх пілнаваўся.

Хэт

57 Я сказаў: Мая доля, о Госпадзе, — Тваё слова заховываць.
58 Усім сэрцам прасіў я ласкі ў Цябе; будзь мне ласкаў паводле слова Твайго.
59 Разважаў я аб сьцежках маіх і стопы мае скіраваў да аб’яваў Тваіх.
60 І сьпяшаўся я й не марудзіў, загады Тваі выпаўняючы.
61 Сеці бязбожных аблуталі мяне, ды закону Твайго не забыўся я.
62 Сярод ночы ўстаю я, каб славіць Цябе за суды Тваі справядлівыя.
63 Я таварыш для ўсіх, што баяцца Цябе ды загадаў Тваіх пілнуюцца.
64 Ласкавасьцяй Тваёй, Госпадзе, поўніцца зямля; навучы-ж Ты мяне ўставаў Тваіх!

Тэт

65 Дабро Ты зрабіў рабу Твайму, Госпадзе, паводле слова Твайго.
66 Добрай развагі й пазнаньня мяне навучы, бо я запаведзям Тваім веру.
67 Перш, чым я стаўся спакораным, я блукаўся; цяпер слова Тваё я хаваю.
68 Ты ласкавы і добры, дык мяне навучы уставаў Тваіх!
69 Гардуны ілжу плялі на мяне; я-ж усім сэрцам загадаў Тваіх пілнаваўся.
70 Атупела ў іх сэрца, як тук; я-ж законам Тваім пацяшаю сябе.
71 Добра мне сталася, што я спакарнеў, каб вучыцца ўставаў Тваіх.
72 Закон вуснаў Тваіх для мяне больш варты, чым тысячы золата ды серабра.

Іод

73 Рукі Твае стварылі мяне й спасобілі мяне; дай жа мне розум навучыцца ўставаў Тваіх!
74 Тыя, што баяцца Цябе, убачаць мяне ды ўцешацца, бо я чакаю на слова Тваё.
75 Ведаю, Госпадзе: суды Тваі — справядлівыя, і справядліва караў Ты мяне.
76 Ласка Твая няхай будзе пацехаю мне водле слова Твайго да раба Твайго.
77 Міласэрдзе Тваё няхай зыйдзе ка мне, каб я жыў, бо закон Твой — пацеха мая.
78 Гордым няхай будзе сорам за тое, што бяз прычыны ўціскалі мяне; я-ж аб загадах Тваіх разважаю.
79 Няхай да мяне навернуцца тыя, што баяцца Цябе, што ведамы ім аб’явы Твае.
80 Сэрца маё беззаганным хай будзе ў уставах Тваіх, каб мне ня быць асаромленым.

Каф

81 Ташнуе душа мая па збаўленьні Тваім; на слова Тваё спадзяюся.
82 Ташнуюць вочы мае па слове Тваім ды пытаюцца: Калі-ж Ты пацешыш мяне?
83 Я стаўся, як мех скураны ды ў дыме; але ўставаў Тваіх не забыўся.
84 Колькі дзён жыцьця йшчэ рабу Твайму? Калі зробіш Ты суд над тымі, што ўціскаюць мяне?
85 Выкапалі гордыя яму для мяне, але гэта пярэчыць закону Твайму.
86 Усё Твае запаведзі — праўда; бязьвінна ўціскаюць мяне, дык Ты памажы мне!
87 Чуць-што ня вынішчылі мяне на зямлі; я-ж не адступаўся ад загадаў Тваіх.
88 Праз міласэрнасьць Тваю захавай мне жыцьцё, і буду пілнавацца аб’яваў вуснаў Тваіх.

Ламэд

89 Навекі, о Госпадзе, слова Тваё сцьверджана на небе!
90 Ад роду ды ў род трывае праўда Твая; паставіў Ты зямлю, і яна стаіць.
91 Водле волі Тваёй стаяць яны да сяньня, бо ўсё гэта служкі Тваі.
92 Калі-б Твой закон ня быў мне пацехай, даўно-бы я згінуў у нядолі маёй.
93 Па век не забудуся загадаў Тваіх, бо імі захаваў Ты жыцьцё мне.
94 Я — Твой! Спасі Ты мяне! Бо спаўняю загады Тваі.
95 Заеліся бязбожныя загубіць мяне; я-ж углыбляюся ў пастановах Тваіх.
96 Я бачыў канец усіх чыста рэчаў; але запаведзь Твая ня мае канца.

Мэм

97 Як я люблю закон Твой! Увесь дзень ён у думцы маёй!
98 Я зрабіўся мудрэйшым за ворагаў маіх праз закон Твой, бо ён заўсёды са мною.
99 Я мудрэйшы за ўсіх, што вучылі мяне, бо аб’явы Твае ў думках маіх.
100 Разважнейшы я, чым старыя, бо хаваю загады Тваі.
101 Ад усякай сьцяжынкі благой я ўстрымліваў стопы мае, каб захоўваць слова Тваё.
102 Ад Тваіх пастановаў я ня ўхіляўся, бо Ты мяне навучаў.
103 Як салодкі словы Твае паднябеньню майму, саладзей за мёд вуснам маім!
104 Праз запаведзі Твае разумным я зрабіўся, дык ненавіджу кожын шлях ілжывы.

Нун

105 Слова Тваё — сьветач для стоп маіх і сьвятло на сьцежцы маёй.
106 Я пакляўся захоўваць прысуды справядлівасьці Тваёй і спаўняю гэта.
107 Я цяжка прыгнечаны; Госпадзе, ажыві міяне водле слова Твайго!
108 Хай будуць Табе даспадобы, о Госпадзе, самахвотныя жэртвы вуснаў маіх. Ты-ж мяне навучы ўставаў Тваіх.
109 Жыцьцё маё ўсьцяж нашу я ў руцэ у маёй, ды закону Твайго не забываюся.
110 Бязбожнікі сець мне наставілі, ды я ня ўхіліўся ад загадаў Тваіх.
111 Пастановы Твае я прыняў, о Госпадзе, як вечную спадчыну, бо яны радасьць сэрца майго.
112 Нахіляю я сэрца к таму, каб заўсёды паводле Тваіх пастаноў паступала яно аж да канца.

Самэх

113 Двудушных я ненавіджу, а закон Твой люблю.
114 Ты — заслона мая і мой шчыт, на слова Тваё спадзяюся.
115 Адыдзеце ад мяне, беззаконныя, каб я запаведзі Бога майго мог захаваць.
116 Падтрымай Ты мяне водле слова Твайго, каб я жыў, і ня дай асароміцца мне за надзею маю.
117 Узмацуй мяне, каб я быў захаваны, каб усьцяж разважаць мне аб уставах Тваіх.
118 Адапхнеш Ты ўсіх, што ўхіляюцца ад уставаў Тваіх, бо ілжа іх няплодная.
119 За смоль Ты ўважаеш усіх беззаконных зямлі; за тое-ж я ўзьлюбіў аб’явы Твае.
120 Дрыжыць ад страху цела маё прад Табою, і прысудаў Тваіх я баюся.

Аін

121 Пілнаваўся я права й справядлівасьці; не аддай Ты мяне ў рукі ворагаў!
122 За раба Твайго заступіся дзеля збаўленьня яго; ня дай гардуном уціскаць мяне.
123 Зьнемагаюць вочы мае, выглядаючы помачы Тваёй і прысуду Твайго справядлівага.
124 Учыні з рабом Тваім водле ласкі Тваёй, навучы Ты мяне пастановаў Тваіх.
125 Я-ж раб Твой: дай Ты мне розум, каб пазнаў аб’явы Твае.
126 Пара ўжо дзеяць за Госпада: яны нарушылі Твой закон.
127 Дык за тое й люблю я запаведзі Твае больш, чым золата, чыстае золата.
128 Дзеля тога справядлівымі лічу ўсе загады Тваі, кожную-ж сьцежку ілжы ненавіджу.

Пэ

129 Дзіўныя аб’явы Твае, і душа мая іх хавае.
130 Адкрыцьце слоў Тваіх асьвятляе, разумнымі робіць прастакоў.
131 Расчыняю я вусны мае і ўздыхаю, бо прагну я запаведзяў Тваіх.
132 Павярніся ка мне і будзь мне ласкавы, як ласкавы для тых, што любяць імя Тваё.
133 Стопы мае ўмацуй Ты ў слове Тваім і ня дай беззаконьню мной заўладаць.
134 Збаў Ты мяне ад уціску людзкога, каб загадаў Тваіх пілнавацца мне.
135 Асьвяці Ты раба Твайго сьвятлом аблічча Твайго і навучы Ты мяне ўставаў Тваіх.
136 З вачэй маіх сьлёзы патокам плывуць, бо закону Твайго не захоўваюць людзі.

Цадэ

137 Ты праведны, Госпадзе, і суды Тваі справядлівыя.
138 Аб’явы Твае, што Ты запаведаў, справядлівыя й шчырая праўда.
139 Зьядае мяне руплівасьць мая, бо забылі словы Твае маі ворагі.
140 Слова Тваё выспрабавана, дык затое раб Твой узьлюбіў яго.
141 Малы я й годны пагарды, а загадаў Тваіх я не забываюся.
142 Справядлівасьць Твая — справядлівасьць навекі, і закон Твой — праўда.
143 Туга ды гора спаткалі мяне; запаведзі Твае — патоля мая.
144 Справядлівасьць аб’яваў Тваіх трывае навекі; дай мне ўразуменьне, каб мне жыці.

Коф

145 З усяго сэрца гукаю я, пачуй мяне, Госпадзе! Бо ўставы Тваі я заховываю.
146 Цябе я клічу: памажы Ты мне, каб я захаваў уставы Тваі!
147 Перад досьвіткамі крычу я, чакаючы на слова Тваё.
148 Вочы мае апярэджваюць варту начную, каб мне заглыбляцца ў слове Тваім.
149 Пачуй мой голас з ласкі Тваяе; ажыві мяне, Госпадзе, водле ўставаў Тваіх.
150 Падыходзяць тыя, што сочаць мяне падступна; бо ад закону Твайго адступіліся.
151 Ты-ж блізкі, о Госпадзе, і ўсе Твае запаведзі — праўда.
152 Здаўна мне ведама з аб’яваў Тваіх, што яны ўгрунтаваны навекі.

Рэш

153 Глянь на нядолю маю і вызваль мяне, бо я пра закон Твой ніколі не забываўся.
154 Заступіся за справу маю і збаў Ты мяне, паводле слова Твайго мяне ажыві.
155 Ад бязбожных жа помач далёка, бо яны аб уставы Тваі ня пытаюцца.
156 Міласэрдзе Тваё вялікае, Госпадзе; па ўставам Тваім ажыві Ты мяне.
157 Многа такіх у мяне, што мяне ўціскаюць ды крыўдзяць; ды ад аб’яваў Тваіх я не адступаўся.
158 Я бачыў адступнікаў і чуў агіду да іх, бо яны не захоўвалі слова Твайго.
159 Глянь, Госпадзе, як я люблю загады Тваі; паводле ласкі Тваёй мяне ажыві.
160 Аснова слова Твайго ёсьць праўда, і ўсякі устаў Твой навек справядлівы.

Шын

161 Князі ганяюць мяне бяз прычыны, але сэрца маё дрыжыць перад словам Тваім.
162 Цешуся я з Твайго слова, як той, хто прыдбаў вялічэзну карысьць.
163 Ілжу ненавіджу я й брыджуся ёю, закон Твой люблю.
164 Сямкротна ў дзень хвалю я Цябе за ўставы Тваі справядлівыя.
165 Вялікі спакой даеш Ты тым, што любяць закон Твой, і яны не спаткнуцца.
166 Спадзяюся я, Госпадзе, на збаўленьне Тваё, бо хадзіў я паводле загадаў Тваіх.
167 Захоўвала душа мая аб’явы Твае, і крэпка я іх улюбіў.
168 Зохоўваю я загады Тваі ды аб’явы Твае, бо ўсе сьцежкі мае прад Табою.

Тат

169 Няхай дойдзе мой плач да аблічча Твайго, о Госпадзе! Водле слова Твайго Ты муд-рым мяне ўчыні.
170 Няхай прыйдзе маленьне маё прад аблічча Тваё! Водле слова Твайго ратуй Ты мяне!
171 Із вуснаў маіх паліецца хвала, бо Ты вучыш мяне пастановаў Тваіх.
172 Будзе язык мой пяяці аб слове Тваім, бо ўсе загады Тваі справядлівыя.
173 <і>адсутнічае
174 Я прагну, о Госпадзе, спасеньня Твайго, і закон Твой — патоля мне.
175 Хай душа мая жыве, каб хваліць Цябе, і суды Тваі хай памогуць мне.
176 Я заблудзіўся; як авечку, што згубілася, шукай Ты раба Твайго, бо загадаў Тваіх я не забываўся.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Кніга Псальмаў, псальм 119

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Public Domain

Public Domain — народны здабытак.
Лукаш Дзекуць-Малей, Антон Луцкевіч.
© 1931, 1948; у 1985, 1991 унесены праўкі.