1 Пёсьня. Псальм сыноў Карэявых. Кіраўніку хору: дзеля пяяньня. Навука Эмана Эзрахіта.
2 Госпадзе, Божа мой! Удзень я помачы клічу і ўначы крычу прад Табою!
3 Няхай малітва мая ўзыйдзе прад аблічча Тваё; вуха Тваё прыхілі да маленьня майго:
4 бо перасычана мукамі душа мая, і жыцьцё маё блізка магілы.
5 Залічылі мяне да тых, што ў магілу зьбіраюцца; я стаўся, як чалавек, што сілы ня мае.
6 Паміж мёртвых кінены, быццам забітыя, што ляглі ў магіле, што Ты ўжо іх не ўспамінаеш, і далёка яны ад рукі Тваяе.
7 Ты кінуў мяне ў найглыбейшую яму, у цемру, ў бяздоньне.
8 Налягла на мяне ярасьць Твая, усімі хвалямі Тваімі прыгнёў Ты мяне. (Зэля)
9 Знаёмых маіх Ты аддаліў ад мяне, зрабіўшы мяне агідным для іх; вось, я ў нядолі і выйсьці ня здолею.
10 Павысахла вока маё ад тугі; кожын дзень я крычу да Цябе, о Госпадзе, і рукі мае да Цябе выцягаю.
11 Ці-ж зробіш Ты цуд над нябожчыкамі? Ці-ж ускрэснуць умёршыя ды хваліць Цябе будуць? (Зэля)
12 Ці ў магіле абвешчана будзе ласка Твая, а праўда Твая ў месцы тленьня?
13 Ці ў цемры пазнаюць цуды Тваі, праўду Тваю ў зямлі забыцьця?
14 Але я, Госпадзе, крычу да Цябе, і зраньня малітва мая сустракае Цябе.
15 Дзеля чаго адпіхаеш, о Госпадзе, душу маю, хаваеш аблічча Тваё ад мяне?
16 Змалку я нешчасьлівы ды змораны; пераносячы страхі Твае, я зьнямогся.
17 Нада мной праляцела ярасьць Твая, страхі Твае зьніштажаюць мяне:
18 акружаюць мяне, як вада, кожын дзень, абступаюць мяне грамадою.
19 Ты аддаліў ад мяне прыяцеля і знаёмага: заступіла іх цемра.
Каментары ці зноскі:
* Зэля — гэта знак музычны, быццам сгеsсеndо; ён паказуе, што музыка, якая ціха падыгрывае, павінна зайграць мацней і адзначыць гэтым канец адрыўку, або заканчэньне песьні.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Кніга Псальмаў, псальм 88
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.
Public Domain — народны здабытак.
Лукаш Дзекуць-Малей, Антон Луцкевіч.
© 1931, 1948; у 1985, 1991 унесены праўкі.
