1 Псальм Давідавы (перад памазаньнем).
Госпад ёсьць сьветласьць мая і збаўленьне маё: каго-ж мне баяцца? Госпад ахова жыцьця майго: каго-ж мне палохацца?
2 Калі злачынцы зьбяруцца насупраць мяне, каб пажэрці цела маё, — праціўнікі й ворагі мае — яны самі спаткнуцца ды ўпадуць.
3 Калі войска азброіцца супраць мяне, сэрца маё не спалохаецца, калі ўзьнімецца супраць мяне вайна, я й тады спадзяваціся буду.
4 Аднаго я прашу ў Госпада й гэтага толькі жадаю: каб жыці мне ў доме Гасподнім усе дні жыцьця майго, каб бачыць хараство Госпада й адведываць сьвятыню Ягоную.
5 Бо Ён засланяе мяне ў палатцы Сваёй у дзень напасьці, Ён укрывае мяне пад заслонай сялібы Сваёй, ды ўзносіць мяне на скалу.
6 Гэтак узносіцца цяпер галава мая панад усімі ворагамі навакол мяне, і складаціму Госпаду ахвяры ў палатцы Ягонай пад трубныя гукі, буду Госпаду пяяці й іграці.
7 Пачуй, Госпадзе! Голасна я гукаю. Зьлітуйся-ж нада мною й адгукніся!
8 Аб Табе гаворыць сэрца маё, мовячы: Шукайце аблічча Майго! Я буду шукаці аблічча Твайго, Госпадзе!
9 Не хавай ад мяне аблічча Твайго, не гані ў гневе раба Твайго! Ты быў мне ўспамогай! Не адцурайся-ж мяне і не пакінь мяне, Божа, Спасе мой!
10 Бо і бацька і маці мая пакінулі мяне, а Госпад прыймае мяне.
11 Пакажы мне, Госпадзе, шлях Твой і вядзі мяне простай сьцежкай, насупраць ворагам маім!
12 Не аддавай мяне ярасьці праціўнікаў маіх, бо сьведкі фальшывыя паўсталі проці мяне і той, што дыхае беззаконьнем.
13 Але я веру, што ўгледжу дабрату Госпада ў краіне жывых.
14 Спадзявайся на Госпада! Будзь мужны і сэрца тваё ўмацуй. Але, спадзявайся на Госпада!
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Кніга Псальмаў, псальм 27

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Public Domain

Public Domain — народны здабытак.
Лукаш Дзекуць-Малей, Антон Луцкевіч.
© 1931, 1948; у 1985, 1991 унесены праўкі.