1 Лямант Давіда, што пяяў ён Госпаду з прычыны Куша, Бэніямінавага сына.
2 Госпадзе, Божа мой! У Цябе я шукаю прыпынку! Спасі мяне ад усіх перасьледавацеляў маіх і вызваль мяне!
3 Хай ня возьме, бы леў, жыцьця майго і не разарве мяне, калі некаму ратаваці!
4 Госпадзе, Божа мой! Калі я ўчыніў гэткае, калі беззаконьне да рук маіх прыляпілася,
5 калі зло я зрабіў таму, хто жыў са мной мірна, ды не ратаваў таго, хто чапаў мяне бяз прычыны, —
6 тады няхай гоніць вораг мяне і дагоніць, хай жыцьцё маё ўтопча ў зямлю і чэсьць маю кіне ў пыл! (Зэля)
7 Паўстань, Госпадзе, у гневе Тваім! Узьніміся проці лютасьці перасьледавацеляў маіх! Збудзіся дзеля мяне на суд, што Ты запаведаў!
8 Няхай зграмадзяцца народы навакол Цябе; Ты засядзь над імі на высачыні.
9 Госпад судзіць народы. Судзі-ж мяне. Госпадзе, паводле справядлівасьці маёй і паводле нявіннасьці маёй, што ёсьць у-ва мне!
10 Зваюй злосьць бязбожнікаў і ўмацуй пабожных, — Ты, што выспрабовуеш сэрцы й нутро, Божа Справядлівы!
11 Трымае шчыт мой Той, хто шчырых сэрцам ратуе.
12 Бог ёсьць Судзьдзя Справядлівы і Бог, што строга што-дня зыскуе.
13 Калі не наварачываюцца, ён вострыць свой меч, ужо нацягнуў Ён Свой лук і мае напагатове
14 ды кладзе на яго прылады сьмерці: стрэлы Свае Ён робіць палючымі.
15 Вось, ліхое бязбожнік зачаў, цяжарны злом ходзіць і здраду спародзіць.
16 Яму капаў ён і выкапаў, але сам уваліцца ў дол, што зрабіў.
17 Ліха, якое надумаў, спадзе на галаву яму, і на цемя ягонае зваліцца беззаконьне яго.
18 Дзякую Госпаду за суд справядлівы і хвалу пяю іменьню Госпада Найвышэйшага.

Каментары ці зноскі:

* Зэля — гэта знак музычны, быццам сгеsсеndо; ён паказуе, што музыка, якая ціха падыгрывае, павінна зайграць мацней і адзначыць гэтым канец адрыўку, або заканчэньне песьні.

Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Кніга Псальмаў, псальм 7

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Public Domain

Public Domain — народны здабытак.
Лукаш Дзекуць-Малей, Антон Луцкевіч.
© 1931, 1948; у 1985, 1991 унесены праўкі.