1 Малітва нешчасьлівага, калі ён ные й прад Богам свой сум вылівае.
2 Госпадзе, пачуй малітву маю, і плач мой дойдзе да Цябе!
3 Не хавай аблічча Твайго ад мяне ў дзень тугі маёй; прыхіліТваё вуха ка мне, калі клічу; борзда мяне Ты выслухай.
4 Бо зьніклі, як дым, мае дні, і косьці мае як на горне апалены.
5 Абгарэла ды высахла сэрца маё, як трава, ажно хлеб свой я есьці забываюся.
6 Ад галоснага стагнаньня майго косткі мае да цела ліпнуць.
7 Я падобны да пэлікана ў пустыні, да савы, што сярод руіны.
8 Сну мне няма, і наракаю, як птушка на страсе адзінокая.
9 Усьцяж зьняважаюць мяне маі ворагі; і тыя, што супраць мяне паўстаюць, праклінаюць мяне.
10 Ем я попел за хлеб і напой мой з сьлязамі мяшаю
11 праз гнеў Твой і абурэньне; бо падняў Ты мяне ды вон кінуў.
12 Маі дні, быццам цені, зьнікаюць, і сохну я, быццам трава.
13 А Ты, Госпадзе, будзеш навекі, і памяць Твая з роду ў род.
14 Ты паўстанеш, над Сыонам зьлітуешся, бо пара дараваці яму, бо настаў назначаны час.
15 Бо рабы Тваі палюбілі й камні ягоныя ды плачуць над руінамі яго.
16 І ўбаяцца пагане іменьня Гасподняга, і цары ўсе зямныя — славы Тваёй,
17 бо адбудаваў Госпад Сыон і зьявіў Сябе ў славе Сваёй.
18 Да малітвы нагога прыхіліўся Ты і маленьнем іх не пагрэбаваў.
19 Хай запісана гэтае будзе пакаленьнем патомным, і народ, што народзіцца, няхай Госпада хваліць,
20 бо Ён глянуў з сьвятое Сваёй вышыні, глянуў Госпад з нябёсаў на землю,
21 каб пачуць стагнаньне вязьня, каб на сьмерць празначаных вызваліць,
22 каб імя Госпада на Сыоне абвяшчалі, а славу Яго — ў Ерузаліме,
23 калі разам зьбяруцца народы і царствы, каб Госпаду паслужыці.
24 Змардаваў у дарозе Ён сілу маю, скараціў дні жыцьця майго.
25 Кажу я: Мой Божа, не вазьмі Ты мяне ў палове дзён маіх! Ты, што леты Твае з роду ў род!
26 Прад вякамі зямлю заснаваў Ты, і неба ёсьць твор Тваіх рук.
27 Яны згінуць, Ты-ж астанешся; як шаты, струхлеюць яны, як вопратку іх пераменіш, і яны пазьмяняюцца;
28 але Ты — ўсё Той самы, летам Тваім нет канца!
29 Сыны рабоў Тваіх будуць жыці, і насеньне іх будзе ўсьцяж прад Табою.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Кніга Псальмаў, псальм 102
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Public Domain — народны здабытак.
Лукаш Дзекуць-Малей, Антон Луцкевіч.
© 1931, 1948; у 1985, 1991 унесены праўкі.