Біблія » Пераклады » Пераклад Л. Дзекуць-Малея

Псальмы 147 Псальм 147 (146; 147)

1 Слаўце Госпада, бо добры Ён; выслаўляйце Бога нашага, бо салодка гэта. Песьня хвалебная належыцца Яму!
2 Госпад будуе Ерузалім, Ён зьбірае выгнанцаў Ізраіля.
3 Ён аздараўляе скрышаных сэрцам і раны завязвае ім.
4 Ён зорам лік вызначае, кожную імем яе называе.
5 Вялікі наш Госпад і багаты сілай, розум Ягоны меры ня мае.
6 Госпад прыгнечаных уверх падыймае, бязбожных аж да зямлі прыніжае.
7 Сьпявайце Госпаду хвалебную песьню, на гусьлях слаўце нашага Бога,
8 Каторы неба пакрывае хмарамі, дождж на зямлю пасылае, траву на гарах узрашчае,
9 дае скаціне пашу яе; корм груганятам, што крычаць да Яго.
10 Ня ў сіле каня Ён мае ўпадабаньне і ня ў борздасьці ног мужчынскіх,
11 а тымі любуецца Госпад, што баяцца Яго, што спадзяюцца на ласку Ягоную.
12 Слаў Госпада, Ерузалім, хвалі Бога твайго, Сыоне!
13 Бо засаўкі ў брамах тваіх змацаваў Ён, дзяцей тваіх сярод цябе багаслаўляе.
14 Ён мір дае межам тваім, насычае цябе найлепшай пшаніцай.
15 Ён на зямлю Свой загад пасылае: борзда вельмі бяжыць Яго слова!
16 Ён сьнег дае, быццам воўну, сыпле шэраш, як попел.
17 Кідае лёд Свой кускамі; хто можа ўстаяць прад марозам Яго?
18 Пашле Ён слова Сваё — і ўсё растапляецца; павее ветрам Сваім — і воды цякуць.
19 Якубу Ён слова Сваё абвясьціў, Ізраілю — уставы Свае і законы.
20 Ніякому народу таго-ж не зрабіў, законаў Сваіх іх не навучыў. Альлілуя!
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Кніга Псальмаў, псальм 147

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Public Domain

Public Domain — народны здабытак.
Лукаш Дзекуць-Малей, Антон Луцкевіч.
© 1931, 1948; у 1985, 1991 унесены праўкі.