Біблія » Пераклады » Пераклад Яна Станкевіча

Псалтыр 147 Псальм 147 (146; 147)

1 Хваліце ЯГ, бо добра пяяць Богу нашаму, бо прыемна; хвала харошая.
2 СПАДАР будуе Ерузалім, выгнаньнікаў Ізраеля зьбірае.
3 Ён леча зломленых сэрцам і завязуе раны іхныя;
4 Прызначае лік гвездаў і завець іх усіх імёнамі.
5 Вялікі Спадар наш і вялікае сілы, розум Ягоны няшчысьлёны.
6 СПАДАР падпірае пакорных, паніжае нягодных аж да зямлі.
7 Адказуйце СПАДАРУ з падзякаю, пяіце на гарпе Богу нашаму,
8 Каторы пакрывае неба булакамі, Каторы гатуе дождж зямлі, Каторы прычыняе, што на горах трава расьцець,
9 Даець статку корм яго, і ґруґанятам, каторыя крычаць.
10 Ня сілы каня Ён зыча, не ў галёнках людзіны мае прыемнасьць.
11 СПАДАР прыяе тым, што баяцца Яго, тым, што спадзяюцца на міласэрдзе Ягонае.
12 Слаў, Ерузаліме, СПАДАРА; хвалі Бога свайго, Сыёне;
13 Бо Ён умацніў завалы брамаў тваіх, Ён дабраславіў сыноў тваіх у табе;
14 Робе граніцы твае мірнымі, тукам пшонкі сыце цябе;
15 Пасылае расказаньне Свае на зямлю; вельмі борзда бяжыць слова Ягонае;
16 Даець сьнег, як воўну; сыпе шэрась, як попел;
17 Пушчае лёд свой драбамі; перад сьцюжаю Ягонаю хто вытрывае?
18 Пасылае слова Свае й распушчае іх; падзьмець ветрам сваім, і пацякуць воды.
19 Паведамляе словы Свае Якаву, уставы Свае а суды Свае Ізраелю.
20 Ніякаму народу Ён так ня ўчыніў, і што да судоў, яны ня знаюць іх. Галілуя!
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Псалтыр, псальм 147

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.