Біблія » Пераклады » Пераклад Яна Станкевіча

Псалтыр 10 Псальм 10 (9:22−39)

1 Чаму, СПАДАРУ, стаіш воддаль, хаваешся ў часох уціску?
2 З пыхі нягодны перасьлядуе беднага; няхай яны будуць злоўлены ў хітрыкі, каторыя самы выдумалі;
3 Бо хваліцца нягоднік жадою душы свае і прагавітата дабраславе, а СПАДАРА ўлегцы мае.
4 Нягодны ў пысе сваёй ня шукае. «Няма Бога», — вось усі замеры ягоныя.
5 У кажным часе дарогі ягоныя смутныя; высокія суды Твае ад яго; усіх уцісканьнікаў сваіх ён не шманае;
6 Кажа ў сэрцу сваім: «Не пахіснуся; з пакаленьня ў пакаленьне ня стрэну нядолі».
7 Кляцьбы, ізрадлівасьці а ўціску рот ягоны поўны; пад языком ягоным крыўда а ашука.
8 Сядзіць у засадзе ў сёлах; у патайных месцах забівае нявіннага; вочы ягоныя падглядаюць гаротнага;
9 Цікуе ў патайным месцу, як леў у логве; цікуе, схапіць беднага; хапае беднага, цягне да сеці свае;
10 Зьгінаецца, прылягае, і падаюць ад моцы ягонае гаротныя.
11 Кажа ў сэрцу сваім: «Забыўся Бог, схаваў від Свой, не абача ніколі».
12 Паўстань, СПАДАРУ, Божа, узьнімі руку Сваю, не забудзься бедных.
13 Нашто нягодны ўлегцы мае Бога, кажучы ў сэрцу сваім: «Ты ня сочыш?»
14 Ты бачыў, бо Ты зацямляеш крыўду а ўціск, каб адплаціць рукою Сваёй. На Цябе здаецца гаротны; сіраце Ты быў памачнік.
15 Зламі плячо нягодніку а ліхадзею; датуль шукай нягоднасьці, пакуль ня знойдзеш ніякае.
16 СПАДАР — кароль на векі а векі, зьгінуць народы ізь зямлі Ягонае.
17 Жаданьне лагодных Ты пачуеш, СПАДАРУ, прыгатуеш сэрцы іх; Ты нахінеш вуха Свае,
18 Каб даць суд сіраце а ўцісьненаму, каб наперад не пасьмеў палохаць людзіну на зямлі.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Псалтыр, псальм 10

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.