Біблія » Пераклады » Пераклад Яна Станкевіча

Псалтыр 144 Псальм 144 (143)

1 Давідава. Дабраславёны СПАДАР, скала мая, Каторы вуча рукі мае бітвы, палцы мае вайны,
2 Міласэрдзе мае а горад мой, высокая вежа мая а вывальнік мой, шчыт мой, на Каторага спадзяюся, Каторы паддаець люд мой імне.
3 СПАДАРУ! што ё чалавек, што Ты знаеш яго, сын людзкі, што Ты разважаеш празь яго?
4 Чалавек падобны да дзьмухненьня; дні ягоныя як сьцень мінаючы.
5 СПАДАРУ! нахіні нябёсы Свае й зыйдзі; даткніся да гор, і яны будуць курэць.
6 Блісьні маланьняю й расьцярушыш іх; выстралі стрэлы Свае і зьнішч іх.
7 Выцягні руку Сваю з вышыні, вывальні мяне і ратуй мяне зь вялікіх водаў, ад рукі сыноў чужаземцаў,
8 Каторых рот гукае марнасьць, і правіца іхная — правіца маны.
9 Божа, новую песьню буду пеці Табе, на псалтыру дзесяціструнным пеці буду хвалы Табе.
10 Ты, што даеш спасеньне каралём, вывальняеш Давіда, слугу Свайго, ад злога мяча,
11 Вывальні мяне й ратуй мяне ад рукі сыноў чужаземцаў, каторых рот гукае марнасьць, і правіца іхная — правіца маны,
12 Каб сынове нашыя, як расада, расьлі ў маладосьці сваёй, каб дачкі нашыя былі, як вугольныя стаўпы, выразаныя на зразу палацову,
13 Каб сьвірны нашы поўныя выдалі ўсялякую еміну, авечкі нашы тысячамі а дзясяткамі тысячаў на пастах нашых;
14 Валы нашы накладзены; ніякага зламеньня альбо ўпадку, альбо галашэньня ня было на вуліцах нашых.
15 Шчасьлівы люд, катораму гэтак. Шчасьлівы люд, каторага СПАДАР — Бог ягоны!
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Псалтыр, псальм 144

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.