Біблія » Пераклады » Пераклад Антонія Бокуна

Псальмы 147 Псальм 147 (146; 147)

1 Хвалеце ГОСПАДА, бо Ён добры; выслаўляйце Бога нашага, бо прыемна гэта. Хвала належыць Яму!
2 ГОСПАД будуе Ерусалім, зьбірае выгнанцаў Ізраіля.
3 Ён лечыць скрышаных сэрцам і перавязвае раны іхнія.
4 Ён вызначае лік зоркам, кожную імем яе называе.
5 Вялікі Госпад наш і багаты сілай, розум Ягоны меры ня мае.
6 ГОСПАД дапамагае ўцісканым, бязбожнікаў да зямлі паніжае.
7 Адкажыце ГОСПАДУ падзякай, выслаўляйце Бога нашага на гусьлях.
8 Ён закрывае неба хмарамі, рыхтуе для зямлі дождж, узрошчвае траву на гарах,
9 дае скаціне спажыву яе, і груганятам, што крычаць да Яго.
10 Ня ў сіле каня Ён мае ўпадабаньне і ня ногі мужа даспадобы Яму,
11 але даспадобы ГОСПАДУ тыя, што баяцца Яго, што спадзяюцца на міласэрнасьць Ягоную.
12 Слаў ГОСПАДА, Ерусалім, хвалі Бога твайго, Сыёне!
13 Бо Ён умацаваў завалы брамаў тваіх, дабраславіў сыноў тваіх пасярод цябе.
14 Ён дае супакой у межах тваіх, тлустасьцю пшаніцы насычае цябе.
15 Ён спасылае слова Сваё на зямлю, вельмі хутка бяжыць пастанова Ягоная!
16 Ён дае сьнег, быццам воўну, сыпле шэрань, як попел.
17 Ён кідае лёд Свой кавалкамі; перад марозам Ягоным хто можа ўстаяць?
18 Ён пасылае слова Сваё, і растапляецца [ўсё]; Ён павее ветрам Сваім, і воды цякуць.
19 Ён паведаміў слова, слова Сваё Якубу, пастановы Свае і суды Свае — для Ізраіля.
20 Не зрабіў такога ніводнаму народу, і судоў Ягоных не пазналі яны. Альлелюя!
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Псальмы, псальм 147

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2017, 2023