1 Малітва Майсея, мужа Божага. Госпадзе, Ты быў для нас сялібаю з пакаленьня ў пакаленьне!
2 Перш, чым горы нарадзіліся, і Ты даў кшталт зямлі і сусьвету, ад веку і на вякі Ты ёсьць Бог.
3 Ты вяртаеш у друз чалавека і кажаш: «Вярніцеся, сыны Адама!»
4 Бо тысяча гадоў перад вачыма Тваімі — як учорашні дзень, што мінуў, і варта начная.
5 Ты іх зносіш [разводзьдзем]; яны — як сон і як трава, якая раніцаю зелянее.
6 Раніцаю квітнее яна і зелянее, а ўвечары зрэжуць яе, і яна сохне.
7 Бо мы зьнікаем ад гневу Твайго, ад ярасьці Тваёй мы спалоханыя.
8 Ты паклаў беззаконьні нашыя перад Сабою, нашыя схаваныя [грахі] — перад сьветласьцю аблічча Твайго.
9 Бо ўсе дні нашыя прападаюць ад абурэньня Твайго, гады нашы сканчваюцца, быццам той уздых.
10 Дзён гадоў нашых — гадоў семдзясят, а як пры сіле — гадоў восемдзясят; і найлепшае ў іх — гарапашнасьць і ліхоцьце, бо прамінаюць яны шпарка, і мы адлятаем.
11 Хто ведае моц гневу Твайго і абурэньне Тваё, што як страх перад Табою?
12 Лічыць дні нашыя навучы Ты нас, каб прыдбаць нам мудрае сэрца.
13 Павярніся, ГОСПАДЗЕ! Дакуль Ты? Пашкадуй слугаў Тваіх!
14 Насыць нас раніцаю міласэрнасьцю Тваёй, каб мы весяліліся і радаваліся ў-ва ўсе дні нашыя.
15 Узрадуй Ты нас паводле дзён, у якія Ты прыгнятаў нас, і паводле гадоў, у якія мы бачылі ліхое.
16 Няхай зьявіцца над слугамі Тваімі справа Твая, і веліч Твая — над сынамі іхнімі.
17 Няхай хараство Госпада, Бога нашага, будзе над намі і ўмацуе справы рук нашых. Умацуй Ты справы рук нашых!
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Псальмы, псальм 90

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2017, 2023