1 Залатая песьня Давіда. Захавай мяне, Божа, бо я ў Табе маю надзею.
2 Кажу я да ГОСПАДА: «Ты — Госпад мой; добрасьць мая нішто перад Табою».
3 Да сьвятых, якія на зямлі, і да слаўных [Тваіх], да іх усё імкненьне маё.
4 Памножацца прыкрасьці ў тых, якія сьпяшаюцца за [богам] чужым; я ня буду выліваць ахвяры іхняй крывавай, ані імёнаў іхніх ня буду браць у вусны мае.
5 ГОСПАД — частка долі маёй і келіху [майго]; Ты трымаеш лёс мой.
6 [Меральныя] шнуры мае прайшлі ў цудоўных [мясьцінах], і спадчына прыемная для мяне.
7 Буду дабраслаўляць ГОСПАДА, Які радзіць мне, і ўначы ўшчуваюць мяне ныркі мае.
8 Маю я ГОСПАДА перад сабою заўсёды, бо Ён праваруч мяне, дык не пахіснуся.
9 Дзеля гэтага ўзьвесялілася сэрца маё і радуецца слава мая, нават цела маё супачыне бясьпечна,
10 бо Ты не пакінеш душу маю ў пекле і не дасі сьвятому Твайму ўбачыць парахненьне.
11 Ты дасі мне ведаць шлях жыцьця; перад абліччам Тваім поўня радасьці, праваруч Цябе — раскоша заўсёды.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Псальмы, псальм 16

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2017, 2023