1 Кіраўніку хору: на струнных інструмэнтах, на актаву. Псальм Давіда.
2 ГОСПАДЗЕ, у гневе Тваім не карай мяне і ў ярасьці Тваёй не вучы мяне!
3 Зьлітуйся нада мною, ГОСПАДЗЕ, бо я нядужы; аздараві мяне, ГОСПАДЗЕ, бо трымцяць косткі мае,
4 і душа мая трымціць вельмі. О, ГОСПАДЗЕ, дакуль?
5 Павярніся, ГОСПАДЗЕ, выратуй душу маю, збаў мяне дзеля міласэрнасьці Тваёй!
6 Бо ў сьмерці няма памяці пра Цябе, і ў пекле хто будзе славіць Цябе?
7 Я зьнямогся ад уздыханьня майго; штоноч паліваю я ложак мой, сьлязьмі паліваю пасьцель маю.
8 Ад тугі высахла вока маё, састарэлася праз усіх, хто ўціскае мяне.
9 Адступіцеся ад мяне, усе злачынцы, бо ГОСПАД пачуў голас плачу майго.
10 ГОСПАД пачуў маленьне маё, ГОСПАД прыняў малітву маю.
11 Няхай будуць асаромленыя ворагі мае і няхай затрымцяць моцна, няхай павернуцца назад і будуць імгненна асаромленыя.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Псальмы, псальм 6

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2017, 2023