1 Давіда. Змагайся, ГОСПАДЗЕ, з тымі, якія ідуць супраць мяне; ваюй супраць тых, што ваююць са мною.
2 Вазьмі шчыт і панцыр і паўстань на ўспамогу мне.
3 Схапі дзіду і загарадзі дарогу тым, якія перасьледуюць мяне. Скажы душы маёй: «Я — збаўленьне тваё».
4 Няхай асаромяцца і будуць у сораме тыя, што шукаюць душу маю; няхай адступяцца і будуць у ганьбе тыя, што надумалі ліхое супраць мяне.
5 Няхай будуць яны, як мякіна пад ветрам, і анёл ГОСПАДА няхай гоніць іх.
6 Няхай шлях іхні будзе цёмны і сьлізкі, і анёл ГОСПАДА няхай перасьледуе іх.
7 Бо яны без прычыны таемна [наставілі] на мяне ў яме сетку сваю, без прычыны выкапалі яму для душы маёй.
8 Няхай прыйдзе на яго загуба нечакана, няхай сетка, якую ён таемна [наставіў], зловіць яго, няхай на загубу ўваліцца ён.
9 А душа мая будзе радавацца ў ГОСПАДЗЕ, будзе цешыцца збаўленьнем сваім.
10 Усе косткі мае скажуць: «ГОСПАДЗЕ, хто падобны да Цябе, Які ратуеш прыгнечанага ад дужэйшага за яго, беднага і прыгнечанага — ад таго, хто яго абдзірае?»
11 Паўстаюць сьведкі няправасьці, пра тое, чаго я ня ведаю, выпытваюць мяне,
12 плацяць мне злом за дабро; асірацела душа мая.
13 А я падчас нядужасьці іхняй апранаўся ў зрэбніцу, пастом прыгнятаў душу маю, і малітва мая вярталася ў грудзі мае.
14 Быццам ён быў прыяцель, брат мой, хадзіў я [да яго]; як у жалобе па маці, сумаваў я ў смутку.
15 Але калі я пачаў падаць, яны ўзрадаваліся і сабраліся разам, сабраліся разам супраць мяне, каб біць [мяне], і я ня ведаў [гэтага], зьневажалі [мяне] і не маўчалі.
16 Разам з крывадушнікамі насьмешнікі банкетуюць, скрыгочуць на мяне зубамі сваімі.
17 Госпадзе, як доўга будзеш глядзець [на гэта]? Адвядзі ад загубы іхняй душу маю, [вызваль] ад ільвянятаў адзіную маю.
18 Буду славіць Цябе ў царкве вялікай, сярод народу магутнага буду хваліць Цябе.
19 Няхай ня радуюцца з мяне тыя, што варагуюць са мною няслушна, няхай не міргаюць вачыма тыя, што ненавідзяць мяне без прычыны.
20 Бо не пра супакой гавораць яны і супраць ціхіх на зямлі падступныя словы надумляюць.
21 Шырока разявіўшы вусны свае супраць мяне, яны казалі: «Ага, ага! Бачыла вока нашае!»
22 Ты бачыў гэта, ГОСПАДЗЕ! Дык не маўчы, Госпадзе, не аддаляйся ад мяне!
23 Збудзіся! Абудзіся на суд мой, Бог мой і Госпад мой, каб [весьці] справу маю!
24 Судзі мяне паводле праведнасьці Тваёй, ГОСПАДЗЕ, Божа мой, і няхай яны ня радуюцца, [гледзячы] на мяне,
25 няхай ня скажуць у сэрцы сваім: «Ага! Душа наша [гэтага хацела]!» Няхай яны ня скажуць: «Мы праглынулі яго!»
26 Няхай асаромяцца і будуць у ганьбе ўсе, што радуюцца з няшчасьця майго; няхай у ганьбу і сорам апрануцца тыя, што вывышаюцца нада мною.
27 Няхай весяляцца і радуюцца тыя, якім даспадобы праведнасьць мая, і няхай яны кажуць заўсёды: «Будзь узьвялічаны, ГОСПАД, Якому даспадобы супакой слугі Ягонага!»
28 А язык мой будзе выказваць праведнасьць Тваю і хвалу Тваю кожны дзень.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Псальмы, псальм 35

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2017, 2023