Малітва справядлівага ў час перасьледу

1 Псалом Давідавы.
Асудзі Госпадзе тых, што мяне вінавацяць:
перамажы нападаючых на мяне!
2 Вазьмі шчыт і зброю
ды ўстань мне на падмогу!
3 Кінь кап’ё і піку супраць нападаючых на мяне!
Скажы душы маей: “Я ёсьць збаўленьне тваё!”.
4 Няхай заўстыдаюцца і асаромяцца тыя,
што шукаюць душы маей!
Назад! Хай адступяцца асаромленыя тыя,
што думаюць ліхое пра мяне.
5 Няхай будуць як мякіна пад ветрам,
калі анёл Гасподні прагоніць іх.
6 Няхай дарога іх будзе цёмная і сьлізкая,
калі анёл Гасподні будзе гнацца за імі!
7 Бяз прычыны яны наставілі на мяне сваю сетку
і капаюць для мяне яму.
8 Няхай зьнянацку нападзе на іх згуба,
а сець, што на мяне наставілі,
хай іх самых зловіць
і ў свой дол няхай самі зваляцца!
9 А мая душа будзе весяліцца ў Госпадзе:
будзе радавацца з вызваленьня Яго.
10 Усе косьці мае скажуць:
“Госпадзе, хто падобны да Цябе,
які ўвальняеш слабога ад наймацнейшага
і бедака ад абдзіралы?”.
11 Паўсталі фальшывыя сьведкі:
пытаюць мяне аб тым, чаго я ня ведаю.
12 Аддаюць мне зло за дабро:
жыцьцё маё асталося пустое (асірацела душа мая).(а)
13 А я падчас іхняе хваробы апрануўся ў жалобу
і марыў сябе пастом,
а малітва мая трывала ўнутры.
14 Як бы па прыяцелю ці па брату хадзіў я сумны,
Як бы ў жалобе па матцы, засмучаны і пахіляны.
15 Калі ж я захістаўся, яны сьмяяліся, —
зьбегліся — сабраліся супраць мяне. Чужыя, які я ня ведаю,
турбавалі мяне зь вялікім крыкам.
16 Зьдзекаваліся, зневажаючы насьмешкамі
і крыгочучы на мяне зубамі.
17 О, Госпадзе! Дакуль будзеш прыглядацца?
Адвядзі ад іх рыканьня душу маю,
ад львоў — адзіную маю!
18 Славіць Цябе буду ў вялікай грамадзе:
сярод безьлічы народу хваліць Цябе буду.
19 Каб не маглі пацяшацца нада мною мае ворагі,
каб ня міргалі вачыма тыя,
хто бяз прычыны брыдзяцца мною.
20 Бо гамоняць між сабою аб супакою, але
супраць ціхіх на зямлі снуюць здрадлівыя думкі.
21 Шырака разявіўшы ляпы свае, яны крычалі:
“Гэй — гэй! Бачыла нашае вока”.
22 Ты бачыў, Госпадзе! Не маўчы, Госпадзе,
ня будзь ад мяне далёка.
23 Прабудзіся! Устань, Госпадзе Божа мой,
каб бараніць мяне у справе маей.
24 Судзі мяне паводле тваей справядлівасьці,
Госпадзе, Божа мой, каб нада мной ня збыткаваліся!
25 Каб не казалі ў сэрцы сваім: “Гэй — гэй!” (мы гэтак хацелі).
Каб не гаварылі: “Мы яго праглынулі”.
26 Няхай асаромяцца і заўстыдзяцца усе разам,
што цешацца з майго няшчасьця.
Няхай акрыюцца ганьбай і пагардай тыя,
што ўзвышаюцца нада мною!
27 Няхай сьмяюцца і радуюцца тыя, якія цешацца з маей справядлівасьці
і тыя, што бязупынна гавораць:
“Вялікі Госпад, Які цешыцца супакоем слугі свайго!”.
28 І язык мой будзе прапаведываць справядлівасьць тваю —
кожны дзень — праўду тваю.

Каментары ці зноскі:

а) Прарок моліцца, просячы Бога, каб даў помач і браніў ад нягодных праціўнікаў: асабліва яго абурае няўдзячнасьць людзкая, што тыя ўзьненавідзелі яго, якія ён тварыў шчырым сэрцам вялікае дабро. — не адпавядае, магчыма памылка.


Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Кніга псальмаў, псальм 35

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

2023, Алічбованне — Сяргей Шобік, biblia.by.