Малітва ў прасьледваньні

1 Лямант Давіда, які ён выспяваў з прычыны Кушы,
з пакаленьня Бэньяміна.
2 Госпадзі Божа мой! У Цябе мой прыпынак:
выбаві мяне ад усіх, што прасьледуюць мяне
і вызваль мяне!
3 Каб не схапіў душы маей, як леў, і не разарваў,
калі няма каму ратаваці.
4 Госпадзі Божа мой! Ці ж я ўчыніў гэткае,
ці ж прыляпілася злачынства да рук маіх?
5 Ці я зрабіў зло майму дабрадзею — я,
што ратаваў і таго, які мне шкодзіў без прычыны?
6 Тады няхай мяне гоніць вораг і схопіць,
няхай прытопча маё жыцьцё,
а чэсьць маю хай у пыл выкіне!
7 Паўстань, Госпадзе, у тваім гневе!
Узьніміся супраць лютасці ўціскаючых мяне:
стань за мяне на суд, які Ты запаведаў.
8 Няхай абкружаць цябе народы,
а Ты засядзь над імі высока!
9 Госпад судзіць народы.
Асудзі мяне, Госпадзе, паводле маей справядлівасьці
і паводле маей нявіннасьці, якая ёсць ува мне.
10 Зваюй злосьць бязбожнікаў і ўмацуй пабожнага,
Ты, што пранікаеш сэрца і нутро, Божа справядлівы!
11 Бог ёсьць шчыт мой,
Ён збаўляе простых сэрцам.
12 Бог — Судзьдзя справядлівы, (моцны і доўгацярплівы),
Ён штодня — грозны.
13 Калі не навернуцца, меч свой навострыць,
лук нацягне і зь яго намерыцца.
14 Прыгатуе броню смерці: стрэлы свае робіць палючымі.
15 А (вораг) пачаў ліхое: цяжарны ён злосьцяй
і народзіць няпраўду.
16 Капаў яму і паглыбляе,
але сам упадзе ў дол прыгатаваны.
17 Ліха, што задумаў, спадзе на галаву яму,
а на цемя яго зваліцца злачынства ягона.
18 Дзякую Госпаду за яго справядлівасьць
і псальм сьпяваю Імяні Госпада Найвышэйшага.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Кніга псальмаў, псальм 7

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

2023, Алічбованне — Сяргей Шобік, biblia.by.